Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/151

Гэта старонка не была вычытаная

Луіза сказала яму аб тым, што Морыса лічаць забойцам яе брата, ён быў абураны страшэнна.

— Гэта хлусня! — крычаў паляўнічы. — Паклёп! Толькі нячыстыя жывёліны маглі гэта прыдумаць. Гэта зусім непраўдападобна. Мустангер не з тых, хто мог-бы пайсці на такую справу. Ніколі я ў гэта не паверу! І навошта яму гэта? Калі-б паміж імі былі дрэнныя адносіны — але-ж гэта не так! Я ведаю, як Морыс-мустангер ставіўся да вашага брата; ён сам мне аб гэтым гаварыў. Праўда, ён ненавідзеў вашага стрыечнага брата Касія. Але я хацеў-бы ведаць, хто яго не ненавідзіць? Даруйце мне, што я так гавару вам. Калі-б паміж вашым братам і мустангерам адбылася сварка і разлад, то…

— Не, не! — закрычала крэолка, забыўшыся аб усім у парыве свайго гора. — Паміж братам і містэрам Джэральдам усё было ўладжана. Генры мне так сказаў, а Морыс…

Позірк субяседніка прымусіў яе змоўкнуць. Закрыўшы твар рукамі, яна расплакалася.

— Значыцца, між імі штосьці было, — прамармытаў Зеб. — Вы сказалі, міс Луіза, што была сварка паміж вашым братам і…

— Мой любы, любы Зеб! — усклікнула яна, адрываючы рукі ад твара і гледзячы проста ў вочы збянтэжанаму паляўнічаму. — Абяцайце мне, што вы нікому, нікому не скажаце. Абяцайце мне, як сябра, як сумленны і прыстойны чалавек. Вы абяцаеце, праўда?

Паляўнічы ў адзнаку клятвеннага абяцання падняў сваю вялізную руку і затым выразна ўдарыў сябе ў грудзі.

Праз пяць хвілін ён ужо ведаў таямніцу, якую жанчыны не любяць выдаваць. Яны давяраюць такія таямніцы толькі таму, хто сапраўды заслугоўвае самага глыбокага давер‘я.

Зеб Стумп здзівіўся з гэтага прызнання менш, чым гэтага можна было чакаць.

— Што-ж тут такога, міс Луіза? — прамармытаў ён спачувальным голасам. — Зеб Стумп не бачыць ў гэтым нічога такога, чаго можна было-б сароміцца. Жанчыны заўсёды астаюцца жанчынамі, і ў прэрыі таксама, як і ўсюды на свеце. І калі хто-небудзь пачне сцвярджаць, што вы пакахалі не таго, каго трэба, аддаўшы сваё сэрца мустангеру, то гэта будзе вялікай памылкай. Ён вельмі добры чалавек і заслугоўвае вашага кахання. Усё-ж астатняе, што вы мне расказалі, толькі пацвярджае маё меркаванне, што ён не мог зрабіць гэтага бруднага ўчынку, калі толькі гэта наогул здарылася. Якія-ж ёсць доказы? Толькі тое, што конь вярнуўся з плямамі крыві на сядле?

— Увы, знойдзены і іншыя доказы. Учора цэлы дзень прадаўжаліся пошукі. Яны ездзілі на слядах і знайшлі штосьці, аб чым не хацелі расказаць. Мне здалося, што бацьку не хацелася гэтага гаварыць мне, а ў іншых я баялася запытацца. Яны