Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/152

Гэта старонка не была вычытаная

зноў паехалі сёння, незадоўга да таго, як я ўбачыла вас на дарозе.

— А мустангер? Што-ж ён гаворыць у сваё апраўданне?

— О, я думала, што вы ведаеце! Яго-ж таксама не могуць знайсці. Магчыма, і ён загінуў ад той-жа рукі, якая забіла брата.

— Вы гаворыце, што яны ездзілі па слядах? Што-ж, яны знайшлі яго след? Калі ён толькі жывы, то ён на Аламо. Чаму яны не паехалі туды? А, разумею. Напэўна, ніхто не ведае як след, дзе гэта знаходзіцца. І калі толькі іх вёў гэты малакасос Спэнглер, то, вядома, на крэйдавай прэрыі ім нічога не ўдалося прасачыць. Значыць, яны зноў туды-ж паехалі?

— Дзеля гэтага вось мне і хацелася вас бачыць. З бацькам цяпер паехала многа рознага народа. Сярод паехаўшых былі і рэгулятары[1]. Калі яны ад‘язджалі, я чула, як яны гаварылі аб лінчаванні. Некаторыя з іх кляліся адпомсціць. Падумайце толькі, Зеб: калі яны знойдуць яго, калі Морыс не зможа як след даказаць сваю невіноўнасць?.. Гэтыя-ж людзі ў запале нястрымнай злосці, ды яшчэ маючы такога памочніка, як Касій Кольхаун, — вы ўяўляеце, што яны могуць з ім зрабіць? Дарагі Зеб, дзеля мяне, дзеля яго, дзеля нашай дружбы, паедзьце туды, хутчэй паедзьце. Абганіце іх і папярэдзьце Морыса. Ваш конь не з быстрых. Вазьміце майго, вазьміце любога, якога захочаце, з нашай стайні.

— Правільна, — перапыніў яе паляўнічы, збіраючыся ісці. — Вядома, гэта можа скончыцца дрэнна для маладога мустангера. Я зраблю ўсё, каб дапамагчы яму. Не хвалюйцеся, міс Луіза. Я паспею даехаць на сваім старэнькім. Ён вельмі добра ведае гэтую дарогу. Мы хутка дабярэмся. А на вашым крапчатым мне штосьці не надта хочацца ехаць. Так, апрача таго, мой стаіць асядланы. Ну, бывайце-ж. Не гаруйце — магчыма, з вашым братам нічога дрэннага і не здарылася. А што Морыс-мустангер чысты ў гэтай справе, — гэта для мяне ясна, зусім ясна.


Раздзел XLVII

ПЕРАХОПЛЕНАЕ ПІСЬМО

Ахопленыя панічным страхам, Эль-Кайот і трое яго таварышоў кінуліся да сваіх коней і, спяшаючыся, ускочылі ў сёдлы. Яны і не думалі вяртацца да халупы Морыса Джэральда. Наадварот, адзіна, што ў іх было цяпер у думках, гэта як-бы далей ад‘ехаць ад адзінокага жылля.

У тым, што гэта быў «дон Морысіо», ніхто з іх не сумняваўся. Усе трое ведалі яго: Дыяз лепш за іншых, але кожны з іх дастаткова добра, каб пераканацца, што коннікам без галавы быў ірландзец. Яны пазналі каня, боты са скуры ягуара, серапэ

  1. Рэгулятары — члены добраахвотнай дружыны па ахове парадку.