Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

іменна так. А калі мы пераапраналіся ў лесе, за намі прасачылі і выкінулі вось такую штуку… Гэта адзінае тлумачэнне… Дурні! Спалохаліся чучала!.. Карамба! Заўтра-ж я зноў адпраўлюся на Аламо. Я зараблю гэтую тысячу, хоць-бы мне спатрэбіўся для гэтага і год! Так ці інакш, але справа павінна быць зроблена. Дастаткова таго, што я страціў Ісідору. Магчыма, гэта і не так, але адна гэта думка нясцерпная. Калі я толькі даведаюся, што яна кахае яго, што яны сустракаліся пасля таго, як… О, божа! Я звар‘яцею! І ў сваім вар‘яцтве я знішчу не толькі чалавека, якога яна кахае, але і жанчыну, якую я сам кахаю. О, дон‘я Ісідора! Анёл прыгожасці і дэман каварства! Я мог-бы задушыць цябе сваёй ласкай і закалоць кінжалам. І табе я дам гэты выбар.

Крыху супакоіўшыся, лічачы, што небяспека як быццам ужо мінавала, і адчуўшы задаваленне ад уноў наспеўшага рашэння, Эль-Кайот хутка заснуў.

Прачнуўся ён, калі ранішняе святло зазірнула да яго ў дзверы, і разам з ім і госць паказаўся на парозе.

— Хасэ, — закрычаў Эль-Кайот са здзіўленнем і прыкметнай радасцю ў голасе, — ты тут?

— Так, сен‘ёр, гэта я.

— Рады бачыць цябе, дружа Хасэ. Дон‘я Ісідора таксама тут? Я хачу сказаць — на Леоне?

— Так, сен‘ёр.

— Так хутка вярнулася? Ды яшчэ-ж не прайшло і двух тыдняў, ці не праўда? Мяне не было ў сетлменце, але я чуў аб гэтым. Я чакаў ад цябе вестачкі. Чаму-ж ты мне нічога не паведамляў?

— Толькі таму, сен‘ёр дон Мігуэль, што не было надзейнага чалавека. Мне трэба было вам паведаміць сёе-тое, чаго нельга было даверыць чужому. На жаль, вы не падзякуеце мне за тое, што я вам перадам. Але маё жыццё ў вашых руках — я-ж абяцаў, што вам будзе ўсё вядома.

Воўк прэрый падскочыў, як укушаны.

— Пра яго і пра яе! Я бачу гэта па тваім твары. Твая пані сустракалася з ім?

— Не, сен‘ёр. Прынамсі, наколькі мне вядома, яны не бачыліся пасля той першай сустрэчы.

— Што-ж тады? — запытаў Дыяз, як відаць, некалькі супакоены. — Яна была тут, пакуль ён жыў у таверне? Паміж імі была якая-небудзь сувязь?

— Так, дон Мігуэль, была. Я добра гэта ведаю, бо быў пасрэднікам сам. Тры разы я завозіў карзінку з прадуктамі, якую дон‘я Ісідора пасылала яму; апошні раз было прыкладзена і пісьмо.

— Пісьмо! Ты ведаеш яго змест, ты чытаў яго?

— Дзякуючы вам, дзякуючы вашай дабраце бедны слуга мог гэта зрабіць. Нават больш — я перапісаў гэтае пісьмо.

— Яно пры табе?