Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/156

Гэта старонка не была вычытаная

там і сям раскіданых па саванне. Буйныя кроплі расы яшчэ віселі на акацыях, абцяжаючы іх пёрыстае лісце і слязмі скочваючыся на зямлю, і здавалася, што дрэвы аплаквалі разлуку з ноччу, шкадавалі расстацца з халадком і сырасцю, баяліся сустрэчы з палячай спякотай дня. Птушкі весела шчабяталі на галінках, нібы вітаючы ўзыходзячае сонца.

Але наўрад ці дзе-небудзь, апрача прэрый Техаса, можна было сустрэць у такую раннюю гадзіну чалавека, які-б не спаў. На берагах ракі Леоны, за тры мілі ад форта Індж, паказалася фігура нейкага конніка. Па манеры сядзець на кані, па касцюму — серапэ на плячах, самбрэро на галаве — усякі, вядома, падумаў-бы, што гэта мужчына. Аднак, не трэба забывацца, што дзеянне адбываецца на паўднёвым усходзе Техаса: жанчыны там таксама ездзяць на кані па-мужчынску і для гэтага адпаведную носяць вопратку.

І наш ранні коннік — не мужчына, а жанчына. У гэтым лёгка пераканацца. Варта толькі паглядзець на маленькую ручку, якая трымае павады, на маленькую ножку ў страмёнах, на прыгожыя, жаноцкія контуры фігуры, якія выдзяляюцца нават з-пад цяжкага серапэ, і, нарэшце, на цудоўныя валасы, скручаныя вузлом пад палямі самбрэро — і сумненняў не астанецца, што перад вамі жанчына.

Гэта дон‘я Ісідора Каварубіо дэ Лос-Ланос.

Дон‘і Ісідоры нядаўна споўнілася дваццаць год. Яна брунетка і вельмі прыгожая сабою. Але прыгожасць яе — гэта прыгожасць тыгрыцы і ўнушае хутчэй страх, чым пяшчотную любоў. У яе твары не прыкметна ніякіх адзнак слабасці, ні ценю палахлівасці. Цвёрдасць, рашучасць, адвага, незвычайны для жанчыны розум — вось што адлюстроўваюць гэтыя юныя рысы. На смуглай скуры разліты пунсовы румянец, настолькі яркі, што здаецца — ён не сойдзе нават перад тварам смяротнай небяспекі.

Дзяўчына едзе адна па лясістых зарасніках Леоны. Непадалёку відаць дом, але яна аддаляецца ад яго. Гэта гасіенда яе дзядзькі, дона Сільвіо Мартынец.

Нявымушана і ўпэўнена сядзіць маладая мексіканка ў сядле. Пад ёю гарачы конь, але вам няма чаго непакоіцца за маладую конніцу — яна вельмі добра кіруе сваім канём.

Лёгкае ласо акуратна скручана на сядзельнай луцэ. Ісідора ўладае гэтай прыладай не горш за любога мексіканскага мустангера і гэтым ганарыцца.

Яна едзе не па вялікай дарозе, што ідзе ўздоўж берага ракі, а па бакавой сцежцы, якая вядзе да гасіенды яе дзядзькі на вяршыню паблізу ляжачага ўзгорка — адзінае ўзвышша на нізінах Леоны. Узабраўшыся наверх, Ісідора нацягвае павады, але не для таго каб даць адпачыць каню, а таму, што яна дасягнула канчатковай мэты сваёй паездкі. У гэтым месцы сцежка злучаецца з праезджай дарогай. Паблізу дарогі невялікая