Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/157

Гэта старонка не была вычытаная

палянка велічынёю ў два або тры акры. Яна пакрыта травою, але пазбаўлена расліннасці дрэў. Гэта нібы прэрыя ў мініятуры. Калючыя лясныя зараснікі акружаюць палянку з усіх бакоў. Тры ледзь прыкметныя сцежкі разыходзяцца ад яе ў розныя напрамкі, праразаючы гушчу кустоў.

Ісідора выехала на палянку і, спыніўшыся сярод яе, патрапала па шыі свайго каня, каб той супакоіўся. Але наўрад ці патрэбна гэта было. Круты пад‘ём настолькі стаміў каня, што ён ужо не рваўся наперад і не праяўляў нецярплівасці.

— Я прыехала раней вызначанага часу, — сказала Ісідора, вымаючы залаты гадзіннік з-пад свайго серапэ. — А магчыма, ён зусім не прыедзе? Ах, калі-б ён толькі мог прыехаць! Што гэта, я ўся дрыжу? Гэта ў мяне нервовыя дрыжыкі! Я ніколі яшчэ не адчувала такога хвалявання. Што гэта — страх? Так, напэўна, гэта страх… Як дзіўна, што я баюся любімага чалавека, адзінага чалавека, якога я наогул кахала. Мае адносіны да дона Мігуэля наўрад ці маглі называцца каханнем. Гэта была самаашуканства, гульня фантазіі. На шчасце, я хутка вылечылася, убачыўшы яго баязлівасць. Герой маіх рамантычных мар зышоў са свайго п‘едэстала, надышло расчараванне. Як я рада за гэта! А цяпер я проста ненавіджу дона Мігуэля, даведаўшыся, што ён зрабіўся, — святыя сілы, няўжо гэта праўда! — што ён зрабіўся разбойнікам. Але я не спалохалася-б пры сустрэчы з ім нават у гэтым адзінокім месцы… Як гэта дзіўна: баяцца любімага чалавека, якога лічыш самым благародным, самым цудоўным са смяротных, і ў той-жа час не адчуваць страху перад тым, каго глыбока ненавідзіш, ведаючы ўсю яго жорсткасць і каварства. Але ў гэтым няма нічога дзіўнага. Я дрыжу не ад страху перад небяспекай, а толькі ад страху аказацца нелюбімай. Вось чаму я зараз дрыжу ў сваім сядле, чаму я не магу спакойна спаць начамі з таго самага дня, калі Морыс Джэральд вызваліў мяне з рук п‘яных дзікуноў… Я ніколі не гаварыла яму аб гэтым. І невядома яшчэ, як ён прыме маё прызнанне. Але ён павінен гэта ведаць. Я не магу больш цярпець гэтую невядомасць. Я лічу за лепшае роспач, нават смерць, калі толькі мае мары ашукаюць мяне. А! Я чую тупат капытоў. Гэта ён? Так! Я бачу скрозь дрэвы яркую афарбоўку яго касцюма. Морыс Джэральд любіць насіць гэты касцюм. Нядзіва — гэта так яму да твару… Святая дзева! Я захутана ў серапэ, на галаве маёй самбрэро. Ён палічыць мяне за мужчыну! Далоў гэту агідную маску! Я жанчына, і ён павінен убачыць перад сабою жанчыну.

Энергічным рухам зрывае з сябе Ісідора серапэ і капялюш, якія скрывалі рысы яе жаночай прыгожасці.

Крыху прыўстаўшы, апіраючыся на страмёны і нахіліўшыся корпусам наперад, яна ўся ператвараецца ў чаканне.

На фоне зелені прыгожа выдзяляюцца яе лёгкая жаночая фігура і прыгожая галоўка.