Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/162

Гэта старонка не была вычытаная

ветрам на азотэі. Унізе можна было выразна чуць кожнае слова, але Луізу мала цікавіла іх размова. Толькі калі да яе слыху даляцела дарагое ёй імя, яна пачала прыслухоўвацца.

— Яны называюць маладога хлапца Джэральда. Морыс Джэральд яго імя. Яны гавораць, што ён ірландзец, але калі гэта праўда, то ён зусім не падобен да тых ірландцаў, якіх я бачыў у Новым Орлеане. Ён больш падобны да сапраўднага джэнтльмена-плантатара. Вось да каго ён падобны.

— Ты не думаеш, Плутон, што ён забіў містэра Генры?

— Нічога падобнага я не думаю. Хо! Хо! Ён забіў містэра Генры! Вось яшчэ што прыдумалі! Гэта ўсёроўна, што сказаць, быццам я забіў містэра Генры. Але што там такое? Глядзі туды, Фларында. Бачыш?

— Дзе?

— Вунь там, на тым баку ракі. Бачыш мужчыну на кані? Гэта-ж Морыс Джэральд, той самы чалавек, якога мы сустрэлі ў чорнай прэрыі… Той самы, які падараваў міс Лу крапчатага каня. Той самы, якога цяпер усе шукаюць там, дзе яго няма!

— О, Плутон, я ўпэўнена, што ён не вінаваты. Ён такі прыгожы і храбры паніч!

Луіза далей не стала слухаць. Яна вярнулася ў свой пакой і накіравалася на азотэю. Ёй цяжка было скрыць сваё хваляванне перад слугамі.

— Аб чым вы тут размаўляеце? — з напускной строгасцю запытала Луіза.

— О, міс Луіза, паглядзіце вось туды! Малады хлапец.

— Які малады хлапец!

— Той самы, якога шукаюць, той самы…

— Я нічога не бачу.

— Хо! Хо! Ён толькі што схаваўся за дрэвамі. Глядзіце туды, туды. Вы бачыце чорны бліскучы капялюш, аксамітную куртку і бліскучыя срэбраныя гузікі? Гэта ён. Я ўпэўнен, што гэта ён, той самы малады хлапец.

— Ты, напэўна, памыляешся, Плутон. Тут многія так апранаюцца. Адлегласць занадта вялікая, каб пазнаць чалавека, асабліва цяпер, калі яго ўжо амаль не відаць. Ну, усёроўна, Фларында. Бяжы ўніз, прынясі мой капялюш і амазонку. Я хачу пакатацца конна. А ты, Плутон, асядлай мне Луну як мага хутчэй. Я баюся, што сонца падымецца надта высока. Ну, хутчэй, хутчэй!

Як толькі слугі зніклі на лесніцы, Луіза яшчэ раз з хваляваннем падышла да парэнчаў азотэі. Цяпер ёй ніхто не перашкодзіць разгледзець добра, хто там, на ўзгорку, сярод зараснікаў.

Але ўжо было позна. Коннік знік.

«Падабенства вялікае, і ў той-жа час гэта як быццам-бы не ён. Калі гэта Морыс Джэральд, то чаго яму ехаць у гэтым напрамку?»