Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/163

Гэта старонка не была вычытаная

Праз дзесяць хвілін Луіза ўжо была на другім беразе і ўязджала ў зараснікі, у якіх знік коннік. Хутка едучы, яна ўважліва глядзела наперад. Падняўшыся на вяршыню ўзгорка, Луіза раптам спыніла каня. Галасы, якія пачуліся, прымусілі яе гэта зрабіць.

Яна прыслухалася. Хоць гукі даляталі яшчэ здалёку і былі ледзь чутны, але можна было ўжо адрозніць, што гэта было два галасы: жанчыны і мужчыны. Якога мужчыны, якой жанчыны? Зноў балюча ўздрыгнула яе сэрца. Дзяўчына пад‘ехала бліжэй. Зноў спынілася. Зноў прыслухалася. Гаварылі па-іспанску. Крэолка ведала гэтую мову досыць добра, каб зразумець сэнс размовы. Але яна была яшчэ занадта далёка, і слоў нельга было адрозніць. Тон быў прыўзняты; абое, здавалася, былі надзвычай усхваляваны. Луіза пад‘ехала яшчэ бліжэй. Мужчынскага голасу ўжо не было чуваць. Голас жанчыны зусім выразна гучэў пагрозай.

Галасы даляталі з паляны, якую Луіза добра ведала, — з гэтым месцам у яе былі звязаны дарагія ўспаміны. Дзяўчына яшчэ раз спынілася, ужо зусім блізка. Яна баялася ехаць далей, баялася адкрыць горкую праўду.

Нарэшце, яна кранула павады.

На паляне ўзад і ўперад бегаў асядланы конь. На зямлі ляжаў нейкі чалавек са звязанымі рукамі.

Самбрэро і серапэ валяліся недалёка, але, як відаць, не належалі гэтаму чалавеку. Што-ж тут магло здарыцца?

Мужчына быў апрануты ў маляўнічы касцюм мексіканца. На кані прыгожы чапрак мексіканскай работы.

Сэрца Луізы напоўнілася радасцю. Мёртвы гэта чалавек ці не, але ён безумоўна той, каго яна бачыла з азотэі. І гэта — не Морыс Джэральд. Луіза пад‘ехала бліжэй і пачала глядзець на распасцёртага на зямлі чалавека. Ясна было, што гэта мексіканец.

«Прыгожы твар», — падумала крэолка.

Але не гэта прымусіла Луізу саскочыць з каня і ўважліва нахіліцца над ляжачым. Радасць, што звязаны чалавек аказаўся не тым, каго яна баялася знайсці, штурхнула яе на гэты гуманны ўчынак.

«Ён не памёр, я чую, як ён дыхае».

Яна расцягнула пятлю ласо.

«Цяпер ён можа свабодней дыхаць. Але што-ж магло здарыцца тут? Ах, ён апамятваецца. Дзякуй богу! Я зараз ўсё даведаюся».

— Вам лепш, сэр?

— Сен‘ёрыта, хто вы? — запытаў дон Мігуэль Дыяз, падымаючы галаву і з трывогай зіраючыся навокал. — Дзе яна?

— Аб кім вы гаворыце? Я тут нікога не бачыла, апрача вас.

— Карамба! Як дзіўна! Хіба вы не сустрэлі жанчыны конна на шэрым кані?