Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/164

Гэта старонка не была вычытаная

— Я чула жаночы голас, калі пад‘язджала сюды.

— Правільней сказаць — д‘ябальскі голас, гэта лепш вызначыць Ісідору Каварубіо дэ Лос-Ланос.

— Хіба гэта яна зрабіла?

— Будзь яна проклятай! Так! Дзе-ж яна? Скажыце мне, сен‘ёрыта.

— Я не ведаю. Мяркуючы па конскім тупаце, яна, напэўна, спусцілася па сцежцы ўніз. Напэўна, гэта так. Я пад‘ехала з другога боку.

— А! Значыць, яна паехала дадому. Вы вельмі добрая, сен‘ёрыта. Я вам вельмі ўдзячны, што вы вызвалілі мяне з гэтай пятлі. Магчыма, вы прадоўжыце сваю ласкавасць і дапаможаце мне ўскарабкацца на каня? Я спадзяюся, што ўтрымаюся ў сядле, трэба толькі ўзлезці туды. Ва ўсякім выпадку, я не павінен больш аставацца тут. Мае ворагі недалёка адсюль. Ідзі сюды, Карліто, — сказаў ён каню і ў той-жа час неяк асабліва свіснуў. — Падыйдзі бліжэй, не палохайся гэтай мілай жанчыны. Не яна сыграла над намі гэты злы жарт і разлучыла нас. Ну, ідзі сюды, мой конь, не бойся!

Конь, пачуўшы свіст, падбег да гаспадара і дазволіў яму ўзяць сябе за аброць.

— Невялікая дапамога з вашага боку, і, мне здаецца, я ўзбяруся ў сядло. Як толькі я буду на кані, мне няма чаго баяцца праследавання.

— Вы думаеце, што вас будуць праследаваць?

— Магу вас запэўніць, што ў мяне ёсць ворагі. Але гэта ўсё нічога. Я адчуваю вялікую слабасць. Вы не адмовіцеся дапамагчы мне?

— Вядома, не. Я з ахвотай акажу вам любую дапамагу, якую толькі змагу.

— Вельмі вам удзячны, сен‘ёрыта. Вельмі вам удзячны.

З вялікай цяжкасцю ўдалося маладой крэолцы падсадзіць мексіканца на сядло.

— Бывайце, сен‘ёрыта! — сказаў Эль-Кайот. — Я не ведаю, хто вы. Бачу толькі, што вы не мексіканка. Амерыканка, я думаю. Але гэта ўсёроўна. Вы такая-ж добрая, як і прыгожая. І калі толькі калі-небудзь будзе выпадак, Мігуэль Дыяз аддзякуе вам за гэтую паслугу.

Сказаўшы гэта, Эль-Кайот крануў каня. Ён ехаў крокам, бо з цяжкасцю ўтрымліваў роўнавагу. Хутка ён знік за дрэвамі.

Маладой крэолцы ўсё гэта здалося сном, і хутчэй дзіўным, чым непрыемным.

Але гэты настрой у яе хутка змяніўся, калі яна падняла пісьмо, што валялася на зямлі. Яго пакінуў Дыяз. Пісьмо было адрасавана Морысу Джэральду. Подпіс — Ісідора Каварубіо.

Луіза ледзь узабралася на сваё сядло.

Пераязджаючы Леону, вяртаючыся ў Каса-дэль-Карво, яна спыніла каня на сярэдзіне ракі. Доўга яна глядзела нейкім дзіў-