Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/165

Гэта старонка не была вычытаная

ным, спыніўшымся поглядам на ваду. На яе твары адлюстравалася страшэнная роспач. Варта было рушыць крыху далей, і хвалі Леоны захляснулі-б яе навекі.


Раздзел L

СХВАТКА З КАЙОТАМІ

Ліловыя цені цехаскага змроку ўжо спусціліся на зямлю, калі чалавеку, які прайшоў пакутлівы шлях праз калючыя зараснікі, нарэшце ўдалося дасягнуць крыніцы.

Прагнаўшы смагу, ён расцягнуўся на траве.

Нага балела, але не вельмі моцна. Аб будучыні ранены цяпер не думаў — перашкаджала стомленасць. Каршуны паляцелі на начлег. Халаднаваты ветрык, які хістаў ажурнае лісце акацый, убаюкваюча падзейнічаў на яго, і пакутнік хутка заснуў.

Але нядоўга яму давялося спаць. Раны зноў далі сябе адчуць, — ён прачнуўся.

Ён не баяўся палахлівага воўка прэрый, які нападае толькі на мёртвых. Ён не думаў, што смерць блізка.

Ноч здалася пакутніку страшэнна доўгай, і цяжка было дачакацца золаку. Раніца прышла, нарэшце, але і яна не была радаснай. Разам з ёю зноў з‘явіліся чорныя птушкі. Над ім, пры сонечным святле новага дня, зноў павіслі цёмныя цені каршуноў. Голад даваў сябе адчуваць. Трэба шукаць ежу.

Недалёка рос арэшнік. На яго галінках былі арэхі, але віселі яны высока — футаў шэсць над зямлёю.

Раненаму ўдалося дапаўзці да дрэва, хоць гэта прычыняла страшэнныя пакуты. Сваім кастылём ён збіў некалькі арэхаў і паснедаў імі.

Што-ж рабіць далей?

Пайсці адсюль было немагчыма. Найменшы рух прычыняў нясцерпны боль. Няшчасны амаль не верыў у магчымасць дапамогі ад чалавека. Ён-жа крычаў да хрыпаты, і ніхто не пачуў яго. І, не гледзячы на гэта, час ад часу ўсё-такі разлягаўся яго глухі крык. Гэта былі слабыя пробліскі надзеі, якая змагаецца з роспаччу.

Выбару не было. Трэба аставацца на месцы. Прышоўшы да гэтага заключэння, ранены спакойна расцягнуўся на траве і рашыў цярпець, наколькі гэта было магчыма.

Час ад часу ў яго вырываліся стогны. Зусім змучаны болем, ён ужо не заўважаў, што робіцца навокал. Чорныя каршуны па-ранейшаму кружыліся над ім. Але ён прывык ужо да гэтага і не звяртаў увагі нават тады, калі некаторыя з іх спўскаліся так нізка, што ўзмахі іх крылляў амаль дакраналіся да яго галавы.

Але што гэта? Яшчэ нейкія гукі.