Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/166

Гэта старонка не была вычытаная

Пачуўся тупат маленькіх ног па пясчаным беразе крынічкі. Ён суправаджаўся перарывістым дыханнем. Ранены азірнуўся, каб даведацца, у чым справа.

«А, гэта толькі кайоты», — падумаў ён, убачыўшы цэлы табун драпежнікаў, якія снавалі ўзад і ўперад па беразе.

Да гэтага часу ён не адчуваў страху; толькі агіду выклікалі ў ім гэтыя баязлівыя жывёлы.

Звычайна кайоты не нападаюць на чалавека; але варта ім толькі адчуць, што чалавек слабы і не можа абараняцца, як яны робяцца дзёрзкімі.

Пакутнік быў паранены шыпамі кактуса, і з яго цякла кроў.

Кайоты адчулі кроў; гэты пах раздражняў іх. Чалавек не сумняваўся, што яны абралі яго сваёй афярай.

У раненага не было іншай зброі, апрача паляўнічага нажа, які, на шчасце, астаўся ў яго за поясам. Яго стрэльба і рэвальвер, прывязаныя да сядла, асталіся на кані. Ранены выцягнуў нож і, апіраючыся на правае калена, падрыхтаваўся да абароны.

Хвіліна прамаруджання — і ўжо было-б позна.

Ахопленыя прагнасцю, узрушаныя да крайнасці пахам крыві, кайоты кінуліся на афяру. Шэсцера з іх адначасова ўпіліся зубамі ў яго рукі, ногі і тулава.

Напружваючы ўсе свае сілы, абараняючыся нажом, хворы адагнаў кайотаў. Адзін або два былі ранены і з дзікім выццём пачалі ўцякаць. Барацьба зрабілася страшэннай, смяротнай. Некалькі жывёл было забіта. Але лёс загінуўшых не спыніў іншых. Яны прадаўжалі атаку, здавалася, з яшчэ большай лютасцю. Становішча рабілася безнадзейным. Кайоты лезлі адзін на другога, каб учапіцца ў афяру. Ранены размахваў нажом, але рукі яго слаблі, удары нажа ўсё радзей дасягалі мэты. Хворы кожную хвіліну траціў сілы. Смерць глядзела яму ў вочы.

І ў гэтую хвіліну безнадзейнасці ранены яшчэ раз моцна крыкнуў. Дзіўна, гэта не быў крык роспачы: крык радасці вырваўся ў яго. І яшчэ больш дзіўна тое, што пры гэтым гуку кайоты спынілі свой напад. Надышоў перапынак у гэтай страшэннай схватцы. На хвіліну запанавала цішыня.

Пачуўся тупат каня, суправаджаемы гучным брэхам сабакі.

Ранены прадаўжаў крычаць, заклікаючы на дапамогу. Конь, здавалася, быў зусім блізка. Коннік не мог не чуць яго просьбы. Але адказу не было. Коннік праехаў міма. Удары капытоў чуліся менш выразна. Няшчасным зноў заўладала роспач.

У той-жа час асмялеўшыя драпежнікі зноў рынуліся ў атаку.

Зноў пачалася барацьба. Абяссілены чалавек лічыў сябе прыгавораным да пагібелі і прадаўжаў абараняцца толькі з пачуцця роспачы.

І раптам барацьба зноў спынілася. На гэты раз з‘явіўся абаронца і сваёй прысутнасцю ўнушыў бадзёрасць і новыя надзеі няшчаснаму.