Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/167

Гэта старонка не была вычытаная

Коннік не адазваўся на ўпрашэнні, але сабака дапамог. Вялізны алені сабака накіроўваўся да месца бітвы. Імклівым прыжком з моцным брэхам, рынуўся ён праз зараснікі.

— Дружа! Якое шчасце! Дружа!

Брэх спыніўся, калі сабака выбраўся з гушчару. З адкрытай пашчай кінуўся ён на кайотаў, якія пачалі ўжо ў сполаху адступаць. Момант — і адзін у яго зубах. Ён трэпле воўка нібы пацука. Яшчэ момант — кідае воўка на зямлю з перагрызеным горлам.

Другога пасцігнуў такі самы лёс. Трэцяй афяры не было, — перапалоханыя сабраты загінуўшых, падціснуўшы хвасты, пусціліся наўцёкі з сумным выццём. Усе да аднаго зніклі ў густых зарасніках.

Змучаны чалавек ужо больш не бачыў нічога. Яго сілы прышлі к канцу. Ён толькі працягнуў руку, з усмешкай абняў свайго выратоўцу і, прашаптаўшы нешта, страціў прытомнасць.

* * *

Непрытомнасць прадаўжалася нядоўга. Ранены зноў апрытомнеў і, абапёршыся на локаць, запытальна азірнуўся навокал.

Жудасна было глядзець на месца, дзе адбылася крывавая схватка з кайотамі. Але яшчэ больш жудаснае відовішча паўстала-б перад яго вачыма, калі-б ён быў у поўным сазнанні.

У часе яго непрытомнасці на паляне з‘явіўся коннік без галавы. Яго конь спусціўся да крыніцы, каб прагнаць смагу. Напіўшыся, ён узабраўся на круты бераг, прабег па паляне, дзе ляжаў ранены, і знік у зарасніку. Сабака зноў кінуўся быў за ім, але хутка вярнуўся і лёг каля раненага. Якраз у той момант ён апрытомнеў. Ён успомніў усё, што адбылося. Прылашчыўшы сабаку, ён зноў расцягнуўся на зямлі; пасля нацягнуў палу плашча на галаву, закрываючыся ад спякотнага сонца, і заснуў.

Сабака ляжаў ля ног раненага і таксама драмаў. Але ён часта прасыпаўся і, здавалася, быў напагатове. Час ад часу ён падымаў галаву і злосна бурчаў, — ён адганяў каршуноў, калі тыя апускаліся вельмі нізка.

Малады чалавек брэдзіў у сне. З яго запёкшыхся губ зрываліся нейкія дзіўныя словы. Гэта быў то заклік страснага кахання, то няскладная размова аб нейкім забойстве.


Раздзел LI

ДВОЙЧЫ П‘ЯНЫ

Вернемся зноў у адзінокую халупу на Аламо, так раптоўна пакінутую карцёжнікамі, якія размясціліся пад яе дахам у часе адсутнасці гаспадара.

Набліжаўся поўдзень наступнага дня, а гаспадар усё яшчэ не вяртаўся. Фелім па- ранейшаму быў адзіным жыхаром халупы. Па-ранейшаму ён ляжаў п‘яны, расцягнуўшыся на падлозе.