Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/168

Гэта старонка не была вычытаная

Каб растлумачыць усё, трэба расказаць, што адбылося далей у тую ноч, калі ігракі ў monté так раптоўна пакінулі халупу.

Відовішча трох чырвонаскурых дзікуноў, што размясціліся вакол стала ў азарце картачнай ігры, працвярэзіла Феліма больш, чым сон.

Што было далей, ён ясна сабе не ўяўляў. Памятаў толькі, што трое расфарбаваных індзейцаў раптам спынілі ігру, шпурнулі карты на падлогу, усталі перад ім з кінжаламі ў руках, пагражаючы яго жыццю. Пасля раптам павярнуліся спіною і разам з чацвертым індзейцам, які прышоў па іх, спяшаючыся вышлі з халупы.

Усё гэта адбылося на працягу якіх-небудзь дваццаці секунд. І калі ён апамятаўся ад страху, то ў хакале ўжо нікога не было.

Спаў ён ці не? П‘янымі вачыма ён бачыў усё гэта ці ў сне? Ці было гэта рэальнасцю ці якой-небудзь новай, незразумелай для яго розуму з‘явай, падобнай да той, якая да гэтага часу стаяла ў яго памяці?

Не, гэта не магло быць зданню. Ён бачыў дзікуноў занадта блізка, каб памыліцца ў тым, што яны былі сапраўднымі людзьмі. Ён чуў, як яны размаўлялі на незразумелай для яго мове. Больш за тое, яны-ж пакінулі на падлозе свае карты.

Фелім і не падумаў падняць хоць-бы адну з іх, каб пераканацца, ці сапраўдныя яны. Ён быў у дастаткова цвярозым стане, але проста ў яго нехапіла для гэтага мужнасці. Хіба мог ён быць упэўненым, што гэтыя дзіўныя карты не апякуць яму пальцаў? Адкуль ведаць, яны-ж маглі належаць самому чорту!

Не гледзячы на зблытанасць думак, Фелім усё-ж зразумеў, што аставацца ў халупе небяспечна. Прыбраныя ігракі могуць вярнуцца, каб прадаўжаць ігру. Яны пакінулі тут не толькі свае карты, але і ўсю маёмасць хакале. Праўда, штосьці важнае прымусіла іх раптам пайсці адсюль, але таксама раптоўна яны могуць і вярнуцца.

Пры гэтай думцы ірландзец рашыў дзейнічаць. Патушыўшы свечку, каб ніхто не бачыў, што ён робіць, ён, крадучыся, вышаў з халупы. Праз дзверы ён не асмеліўся выйсці. Месяц ярка асвятляў пляцоўку перад домам. Дзікуны маглі быць дзе-небудзь паблізу. Ён сарваў конскую скуру са сцяны і праціснуўся ва ўтварыўшуюся шчыліну. Апынуўшыся на дварэ, Фелім прашмыгнуў пад цень дрэва.

Ён не паспеў яшчэ далёка адыйсці, калі заўважыў наперадзе ў сябе некалькі цёмных прадметаў. Пачуліся гукі, нібы коні жавалі траву; час ад часу далятаў удар капытоў. Фелім спыніўся і схаваўся за ствол кіпарыса.

Хутка ірландзец пераканаўся, што гэта сапраўды коні. Няма сумнення, што яны належалі тым чатыром воінам, якія ператварылі халупу мустангера ў ігарны дом. Як відаць, коні былі прывязаны да дрэў, — але-ж маглі быць каля іх і гаспадары.

Пры гэтай думцы Фелім хацеў павярнуць ужо і пайсці ў