Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/170

Гэта старонка не была вычытаная

— Чорт-бы іх пабраў! Падобна, што яны да яе дабраліся! Інакш чаму яе няма на месцы? Я паставіў яе туды. Вельмі добра памятаю, што паставіў яе на сваё месца.

— Ах, вось ты дзе, мая каштоўнасць! — прадаўжаў ён, калі, нарэшце, намацаў прадмет сваіх пошукаў. — Ах, жывёліны, ды яны-ж асушылі яе! Каб на тым свеце чэрці прыпяклі гэтых чырвонаскурых зладзеяў! Няхай ім пакажуць, як красці віно ў спячага чалавека! Ай-ай! Што-ж мнё цяпер рабіць — зноў класціся спаць? Але хіба заснеш з думкамі аб іх і аб тым, другім? Напэўна без выпіўкі я не знайду сабе спакою. А ні кроплі-ж не асталося. Пачакай! Святы Патрык! Успомніў! Поўная фляга. Я яе ў куфэрак схаваў. Напоўніў да самага рылца, каб даць містэру Морысу ў дарогу, калі ён ў апошні раз збіраўся у сетлмент. І ён-жа, здаецца, забыўся яе ўзяць з сабою. Не дай бог, калі толькі індзейцы дабраліся сваімі бруднымі лапамі і да яе, — я тады звар‘яцею!

— Ура! — закрычаў Фелім пасля некаторага маўчання, у часе якога чуваць было, як ён капаўся ў куфэрку. — Вось шчасце, чырвонаскурыя не здагадаліся сюды зазірнуць! Фляга поўная — ніхто і не дакрануўся да яе!

Пасля гэтай шчаслівай вынаходкі ў цемені халупы пачаліся скокі абрадаванага ірландца.

Пасля надышла цішыня, затым пачулася бульканне вадкасці.

Праз некаторы час гэты гук змяніўся чмоканнем губ, усклікамі прыемнасці.

Зноў пачулася бульканне, зноў чмоканне, і так па чарзе да таго часу, пакуль, нарэшце, не пачуўся гук зваліўшайся на падлогу пустой флягі.

А затым п‘яныя выкрыкі чаргаваліся з урыўкамі п‘янай песні, дзікім рогатам і няскладнымі разважаннямі аб чырвонаскурых індзейцах і безгаловым конніку. Зноў і зноў, але ўсё цішэй і цішэй паўтараліся тыя-ж словы аб перажытых жахах, пакуль, нарэшце, не змяніліся бесперапынным гучным храпеннем дарэшты ап‘янеўшага прамоўцы.


Раздзел LII

ПРАБУДЖЭННЕ

Другі сон Феліма цягнуўся даўжэй за першы. Ужо блізіўся паўдзень, калі ён, нарэшце, прачнуўся, і то не па сваёй волі, а ад вядра халоднай вады, выплеснутай яму проста ў твар. Гэта працвярэзіла яго не горш, чым відовішча чырвонаскурых дзікуноў.

Зеб Стумп наладзіў яму гэты душ.

Выехаўшы з варот Каса-дэль-Карво, стары паляўнічы накіраваўся самым кароткім шляхам да выток ракі Нуэсес. Ён ехаў па добра вядомай яму сцежцы.