Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/174

Гэта старонка не была вычытаная

Зеб пачаў чытаць. Ён досыць хутка разабраў, што было напісана ў пісьме. Ён з палёгкай уздыхнуў.

— Ён жывы, Фелім! Ён жывы! Паглядзі на гэта. Э, ды ты-ж непісьменны! Дзякуй старэнькаму настаўніку, што навучыў мяне чытаць. Але ўсёроўна! Ён жывы! Ён жывы!

— Хто? Містэр Морыс? Трэба падзякаваць богу!

— Пачакай! Цяпер для гэтага няма часу. Дастань коўдру і папругі. Зрабі гэта, пакуль я схаджу па сваю кабылу. І хутчэй! Нельга траціць ні хвіліны, інакш будзе позна!


Раздзел LIII

ЯКРАЗ СВОЕЧАСОВА

Пры гэтых словах стары паляўнічы рушыў у дарогу.

Ён гаварыў зусім правільна — нельга было траціць ні хвіліны. У той момант, калі прагучэлі гэтыя словы, чалавек, які пісаў крывёю, зноў быў у смяротнай небяспецы — на яго яшчэ раз напалі кайоты. Але не ў іх была галоўная небяспека. Яму пагражаў больш страшны вораг, які быў ужо гатовы разарваць няшчаснага.

Для чытача цяпер ужо ясна, што ранены чалавек у панаме і плашчы быў Морыс Джэральд. Пасля апісанай схваткі з кайотамі, якая шчасліва закончылася дзякуючы ўмяшанню Тары, ён адчуў страшэнную слабасць, і яму захацелася спаць.

Стомлены і супакоены, ён хутка заснуў. Сон прадаўжаўся некалькі гадзін.

Прачнуўся Джэральд на гэты раз таму, што добра выспаўся. Сілы яго былі ўжо значна адноўлены, і ён мог спакойна падумаць аб сваім становішчы.

Сабака выратаваў яго ад кайотаў. Але што-ж далей? Адданая жывёла ўсёроўна не можа пераправіць яго дадому. А аставацца тут — азначала памерці з голаду або ад атрыманых ран.

Джэральд устаў на ногі, але адчуў, што яму цяжка стаяць. Слабасць далучылася цяпер да яго іншых недамаганняў. Ён паспрабаваў зрабіць адзін-два крокі і вымушан быў зноў легчы.

У цяжкую хвіліну поўнага бяссілля ў яго прамільгнула радасная думка: «Тара можа занесці вестачку ў халупу».

— Калі-б я толькі мог прымусіць яго вярнуцца дадому! — сказаў ён і выпрабавальна паглядзеў на сабаку. — Хадзі сюды, мой добры, — прадаўжаў Морыс, звяртаючыся да бязмоўнага сябра. — Я хачу, каб ты быў маім пісьманосцам і занёс маё пісьмо. Ты разумееш? Пачакай, пакуль я напішу яго. Тады я растлумачу табе лепш. На шчасце, у мяне ёсць картка, — сказаў ён, сунуўшы руку ў кішэню. — Алоўка няма, але гэта не бяда. Чарніла тут хопіць. А замест пяра мне паслужыць шып вось гэтай агавы.

Ён падпоўз да расліны, адламаў адзін даўжэйшы шып, які