Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/176

Гэта старонка не была вычытаная

Як відаць, крывавы абед яшчэ больш раздражніў апетыт драпежнікаў, і яны стаялі цяпер перад дрэвам, аблізваючы свае запэцканыя крывёю морды.

Морыс амаль не звяртаў на іх увагі, нават і тады, калі баязлівыя жывёлы, падскокваючы, амаль што хапалі за яго ногі.

Аднак, была небяспека, якой ён не прадбачыў загадзя. Драпежнікі, пераканаўшыся ў бескарыснасці сваіх спроб, цяжка дыхаючы, улягліся пад дрэвам. Здавалася-б, гэта не павінна было спалохаць мустангера, паколькі ён не адчуваў небяспекі ў сваім гамаку. Ён-бы і не трывожыўся, калі-б не адчуў зноў прыступу нясцерпнай смагі, якая з кожнай хвілінай рабілася ўсё больш пакутлівай.

Яму зрабілася крыўдна за сваю нездагадлівасць: можна-ж было падумаць аб гэтым раней, перш чым узлезці на дрэва. Няцяжка было захапіць з сабою запас вады. Крыніца была тут-жа, а ўвагнутыя лісты агавы маглі паслужыць пасудай.

Але цяпер ужо было позна. Нястрымнае жаданне напіцца павялічвалася ўсё мацней і мацней. Прабрацца да крыніцы праз засаду кайотаў было немагчыма — гэта пагражала смерцю.

Пасля вялікай страты крыві смага мучыць асабліва моцна. Пакуты рабіліся нясцерпнымі. На гэты раз пакуты суправаджаліся галюцынацыямі. Здавалася, што колькасць ваўкоў павялічылася ў дзесяць разоў. Іх ужо не сотня — цэлая тысяча навадняла палянку. Яны ўсё набліжаліся і набліжаліся. Вочы іх блішчэлі страшным бляскам. Чырвоныя языкі дакраналіся да падвешанага плашча. Яны раздзіралі яго сваімі зубамі. Да Морыса даносілася іх смуроднае дыханне, калі яны падскаквалі да сукоў дрэва.

У моманты прасвятлення мустангер бачыў, што ўсё гэта было ігрой хворага ўяўлення. Ваўкі прадаўжалі спакойна ляжаць на траве, пільнуючы свайго палонніка.

У адзін з такіх момантаў Джэральд убачыў нечаканую і незразумелую перамену. Кайоты раптам усхапіліся і ўцяклі ў гушчар. Зніклі ўсе да аднаго.

Што-б магло спалохаць іх?

Крык радасці вырваўся з грудзей Морыса. Напэўна, Тара вярнуўся. Магчыма, і Фелім разам з ім. Часу-ж прайшло дастаткова: засада кайотаў прадаўжалася каля двух гадзін. Морыс нахіліўся ўніз і паглядзеў навокал. Ні сабакі, ні слугі не было відаць. Нічога, апрача галін і кустоў. Ён прыслухаўся. Ні гуку, апрача завыванняў кайотаў, якія ўсё яшчэ, здавалася, прадаўжалі адступаць. Ці не брэд гэта зноў? Што магло прымусіць іх уцякаць? Але ўсёроўна. Дарога была свабодная. Падыйсці да крыніцы цяпер можна было. Вада блішчэла перад яго вачыма. Яе бульканне лашчыла слых.

Ён спусціўся з дрэва і накіраваўся да берагу крыніцы. Але, перш чым нахіліцца да вады, Морыс яшчэ раз азірнуўся назад і ясна ўбачыў сярод зелені жоўтую плямістую скуру — ягуара.