Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/177

Гэта старонка не была вычытаная

Нібы змяя, выпаўзаў ягуар з гушчы, выгінаючы сваё доўгае тонкае цела.

Цяпер было зразумела, чаму ўцяклі кайоты.

Намеры драпежніка былі таксама досыць відавочныя: ён адчуў кроў і спяшаўся да месца, дзе яна была праліта, каб падзяліць крывавы пір.

Ягуар накіраваўся да чалавека перш памалу, паўзком, пасля хутчэй і хутчэй, рыхтуючыся скочыць.

Лезці на дрэва было бескарысна: ягуар лазіць па дрэвах, як кошка. Мустангер гэта ведаў, але калі-б ён і не ведаў гэтага, усёроўна было позна ўжо. Жывёла мінавала тое дрэва, якое служыла мустангеру сховішчам, а паблізу не было другога, куды можна было-б узлезці.

Кіруемы несвядомым інстынктам, няшчасны кінуўся проста ў ваду. Але ягуар не толькі добра лазіць па дрэвах, але і плавае, як выдра. Ён таксама страшны ў вадзе, як і на сухазем‘і.

У поўнай безнадзейнасці Морыс Джэральд спыніўся, увайшоўшы ў ваду па пояс. Больш нічога не аставалася рабіць. Абараняцца не было чым: не было ні стрэльбы, ні рэвальвера, ні нажа, ні нават кастыля.

Дзікі крык вырваўся ў няшчаснага, калі плямісты звер падрыхтаваўся скочыць.

Але адначасова завыў і ягуар. І замест таго, каб кінуцца на афяру, ягуар мёртвым зваліўся ў ваду.

Нібы водгулле, у адказ на крык мустангера пачуўся другі крык і ўслед за ім стрэл, які прымусіў завыць ягуара.

Вялізны сабака рынуўся праз зараснікі і скочыў у ваду. Чалавек гіганцкага росту хутка набліжаўся да берага. Другі, невялікага росту, ехаў за ім, напаўняючы паветра крыкамі ўрачыстай радасці.

Гэтыя гукі здаліся раненаму хутчэй зданнёвымі, чым рэальнымі. Усе перажытыя жахі былі занадта доўгімі і занадта цяжкімі пакутамі для яго нервовай сістэмы. Морыс Джэральд не вытрымаў такога напружання — яго ахапіў прыступ гарачкі. Хворы хацеў задушыць свайго вернага сабаку, які лашчыўся да яго, і адбіваўся ад моцных абдымкаў сябра, які спрабаваў вынесці яго з вады.


Раздзел LIV

ПАЛАНКІН ПРЭРЫІ

Гэта Зеб Стумп прышоў на выручку мустангера. Слухаючыся ўказанняў запісачкі, стары паляўнічы спяшаўся, як толькі мог, каб хутчэй прыбыць на месца спаткання.

Ён падаспеў якраз своечасова, у той самы момант, калі ягуар рыхтаваўся скочыць. На шчасце, Зеб ужо быў на адлегласці ружэйнага стрэлу.