Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/179

Гэта старонка не была вычытаная

насіць мексіканскае самбрэро — галаўны ўбор зусім іншага тыпу. Магчыма, што мустангер на гэты раз здрадзіў свайму звычаю. Зебу здалося, што ён ужо бачыў на некім іменна гэты капялюш. Зазірнуўшы ўнутр панамы, паляўнічы заўважыў два кляймы — адно фабрыканта гэтых капелюшоў, другое, напісанае ад рукі: «Генры Пойндэкстэр».

Цяпер ён пачаў даследаваць плашч. На ім Стумп таксама ўбачыў прыкметы, якія даказвалі прыналежнасць плашча таму-ж уласніку.

— Чорт ведае, што ўсё гэта азначае! — прамармытаў стары, гледзячы ў зямлю і глыбока задумаўшыся. — Капелюшы не на сваіх галовах, галовы не на сваіх месцах! Дапраўды, тут штосьці нячыста. Калі-б я толькі не адчуваў болю пад левым вокам ад удару гэтага малайца, я не ўпэўнены, бадай, ці на месцы мая ўласная чарапная каробка. Ад яго чакаць тлумачэнняў цяпер не даводзіцца, — дадаў Зеб, паглядаючы на Морыса. — Хіба толькі пасля таго, як ён пераспіць сваю гарачку. Але калі гэта будзе — хто ведае?

— Добра, — прадаўжаў паляўнічы пасля некаторай паузы. — Тут аставацца няма чаго. Нам трэба даставіць хворага ў халупу, а для гэтага трэба падумаць, як пераправіць яго туды.

— Гэты ўсёроўна нічога не прыдумае, — сказаў Зеб, зірнуўшы на Феліма, занятага размовай з Тарай. — У сабакі, як відаць, больш розуму, чым у яго. Ну, нічога. Давядзецца і яму папрацаваць. Што-ж тут зрабіць? Трэба было-б змайстраваць насілкі. Можна зрабіць іх з пары шастоў і або коўдры, якую ўзяў з сабою Фелім. Так, зусім правільна. Іменна насілкі — якраз тое, што нам цяпер патрэбна.

Цяпер ірландзец быў пакліканы на дапамогу.

Зрэзалі і абстругалі два дрэўцы, кожнае каля дзесяці футаў даўжынёй, дадалі яшчэ два, карацейшых, для папярочных перакладзін. На іх рацягнулі спачатку коўдру, а наверх — плашч. Такім чынам, імправізаваныя насілкі былі гатовы. Прадбачачы магчымасць новага шалёнага прыступу, Зеб Стумп рашыў прывязаць хворага да насілак.

Не два чалавекі, як гэта звычайна бывае, неслі гэтыя насілкі. Справа была арганізавана інакш: пярэднія канцы шастоў былі ўмацаваны на кані, а ззаду насілкі падтрымліваў чалавек.

Да гэтай ролі быў прызначан Фелім.

Зеб ішоў наперадзе ў якасці важатага.

У гэтым імправізаваным паланкіне Морыс Джэральд быў дастаўлены ў сваю халупу.

* * *

Ужо спусцілася ноч, калі гэта дзіўная працэсія прыбыла да хакале мустангера.

Дужыя рукі паляўнічага асцярожна перанеслі хворага з насілак на яго ложак у халупе.