Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/180

Гэта старонка не была вычытаная

Джэральд не разумеў, дзе ён знаходзіцца, і не пазнаваў свайго сябра Зеба, які нахіліўся над ім. Яго думкі ўсё яшчэ блукалі, хоць ён больш ужо не вар‘яцеў. Надышоў перыяд зацішша.

Хворы не маўчаў, але і не адказваў на ласкавыя пытанні, звернутыя да яго; з яго вуснаў вырываліся нейкія загадачныя выкрыкі.

Сябры мустангера перавязалі яму раны, як змаглі, але больш нічога зрабіць было нельга. Трэба было чакаць раніцы.

Зеб распарадзіўся, каб Фелім пайшоў спаць, а сам астаўся ля пасцелі хворага.

У старога паляўнічага былі свае меркаванні адносна гэтага. Яму не хацелася, каб брэд хворага чуў хто-небудзь, апрача яго, нават Фелім. І ён прасядзеў цэлую ноч ля пасцелі хворага і лавіў кожнае яго слова.

Зебу Стумпу не дзіўна было чуць, як хворы ў сваіх любоўных клятвах паўтараў увесь час імя Луізы. Але і другое імя часта вырывалася з вуснаў хворага. І з ім была звязана менш прыемная для слыху гаворка.

Гэта было імя брата Луізы.

Нейкія няскладныя, жудасныя, бяссэнсныя словы суправаджалі гэта імя.

Зеб Стумп сядзеў і параўноўваў усё чутае з ужо вядомымі яму фактамі, і, калі надышла раніца, ён ужо не сумняваўся ў тым, што Генры Пойндэкстэр нежывы.


Раздзел LV

ДЗЕНЬ НАВІН

Дон Сільвіо Мартынец — адзін з нямногіх мексіканскіх багацеяў, якія асталіся ў Техасе пасля захопу краіны паўночнымі каланістамі. Ён мала цікавіўся палітыкай, быў чалавекам міралюбівым ад прыроды, пажылым ужо, а таму досыць лёгка прымірыўся з новым становішчам. Страта нацыянальнай незалежнасці ўроўнаважвалася ў яго свядомасці безапаснасцю ад набегаў каманчаў, якія тэрарызавалі краіну да прыходу сюды каланістаў. Дзікуны, праўда, не былі яшчэ канчаткова пераможаны, але напады іх былі значна радзей.

І старому мексіканцу адно гэта здавалася ўжо вялікім дасягненнем.

Дон Сільвіо быў «ганадэро» — жывёлаводам вялікага маштаба. Яго пасбішчы прасціраліся на многа міль у даўжыню і шырыню, а яго табуны коней і рагатай жывёлы вылічаліся тысячамі галоў. Яго гасіенда — доўгі і вузкі аднапавярховы дом — хутчэй нагадваў турму, чым жылое памяшканне. З усіх бакоў яна была акружана загонамі для жывёл.

Жыццё звычайна тут працякала вельмі ціха. Але калі надыходзіла вясёлае свята — свята кляймення жывёлы, вясёлы шум