Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/181

Гэта старонка не была вычытаная

піру напаўняў паветра на працягу многіх дзён. Гэта, аднак, было толькі адзін раз у год. У астатні-ж час стары ўласнік гасіенды, пераконаны халасцяк, вёў спакойнае і адзінокае жыццё. З ім жыла толькі яго сястра, яшчэ старэйшая, чым ён.

Праўда, калі да іх у госці прыязджала іх прыгожанькая пляменніца з берагоў Рыо-Грандэ, ціхая гасіенда ажыўлялася. Ісідоры заўсёды былі тут рады. Яна прыязджала і ехала назад, калі ёй захочацца. У доме дзядзькі ёй дазвалялася рабіць усё, што яна захоча. Старому спадабаліся жвавасць і жыццерадаснасць Ісідоры, ды ён і сам быў далёка непахмурым чалавекам. Некаторыя ўласцівасці яе характару, якія ў іншых краінах маглі-б здацца нежаноцкімі, былі натуральны ў краіне, дзе загарадны дом вельмі часта ператвараўся ў крэпасць, а дамашні ачаг змочваўся крывёю сваіх жыхароў.

Дон Сільвіо Мартынец пражыў сваю маладосць у абстаноўцы заўсёднай небяспекі. Ён быў сведкай многіх сцэн дзікага разгулу. Нядзіва, што ён не спыняў адчайных выхадак Ісідоры, якія межавалі часта нават з нейкай нястрымнай безразважнасцю.

Стары мексіканец любіў сваю пляменніцу з такой пяшчотнасцю, як толькі можна любіць сваю ўласную дачку. І кожны ведаў, што Ісідора будзе наследніцай усіх яго ўладанняў.

Нядзіва таму, што яна карысталася асаблівай пашанай сярод усіх падначаленых дона Сільвіо Мартынец — на яе глядзелі як на будучую гаспадыню. Але яе паважалі нават незалежна ад гэтага: сваёй храбрасцю яна падабалася смелым мексіканскім сялянам. І, напэўна, сярод іх не знайшлося-б ніводнага, хто не падняў-бы свайго мачэце[1] ў яе абарону.

За апошні час Ісідора пачала ўсё часцей наведваць свайго дзядзьку. Але не з-за таго, што яна больш прывыкла да яго і хацела ўцешыць яго старасць — прычына была іншая. Яна прыязджала на Леону ў надзеі сустрэцца з Морысам Джэральдам. Ісідора кахала мустангера. З таго самага дня, калі ён вызваліў яе з рук п‘яных індзейцаў, ён заўладаў яе сэрцам.

Ісідора не знаходзіла сабе спакою. Экспансіўная па сваёй прыродзе, яна не магла далей цярпець няпэўнасці. Яна рашыла прызнацца ў сваім каханні і запатрабаваць прамога адказу: кахае ён яе ці не? Дзяўчына назначыла Джэральду спатканне, на якое ён не прыехаў.

«Мігуэль Дыяз стаў паміж імі», так думала Ісідора, калі спяшалася з узгорка ў гасіенду свайго дзядзькі.

Яна пусціла свайго шэрага каня галопам. На галаве ў яе няма капелюша. Прычоска растрапалася. Цудоўныя чорныя косы спусціліся на спіну. Вочы ўзрушана блішчаць. Шчокі разгарэліся яркім румянцам. Набліжаючыся да дома, Ісідора прытрымала павады. Конь замарудзіў бег, пайшоў трушком, пасля шагам і, нарэшце, спыніўся сярод дарогі.

  1. Мачэце — мексіканскі нож для зразання чароту.