Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/182

Гэта старонка не была вычытаная

Ісідора задумалася.

«Лепш яго не чапаць. Пачнецца скандал. Пакуль ніхто нічога не ведае аб маім спатканні. Ах, калі-б толькі расказаць аб усім гэтым любезным цехасцам, то адных маіх доказаў было-б дастаткова, каб жорстка пакараць яго. Але няхай ён жыве… Ён нягоднік, але я не баюся яго. Пасля таго, што адбылося, ён не асмеліцца падыйсці да мяне блізка. Прасвятая дзева! І як толькі я магла, хоць-бы на хвіліну, ім захапіцца!.. Трэба паслаць каго-небудзь вызваліць яго. Чалавека, які захаваў-бы маю таямніцу. Каго-ж? Беніто — старэйшага пастуха. Верны, адважны чалавек. А вось і ён! Як заўсёды, усё лічыць сваю жывёлу».

— Беніто! Беніто!

— Да вашых паслуг, сен‘ёрыта.

— Беніто, мой дружа, я хачу цябе прасіць аб адной ласцы. Ты згодзен дапамагчы мне?

— Рад выканаць ваша распараджэнне, — адказаў мексіканец, нізка кланяючыся.

— Гэта не распараджэнне: я прашу зрабіць мне ласку.

— Слухаю вас, сен‘ёрыта.

— Ці ведаеш ты месца на вяршыні ўзгорка, дзе зыходзяцца тры дарогі?

— Таксама добра, як кораль у гасіендзе вашага дзядзькі.

— Добра. Адпраўляйся туды. Ты знойдзеш там чалавека. Рукі ў яго звязаны ласо. Вызвалі яго, і няхай ідзе на ўсе чатыры бакі. Калі ён атрымаў пашкоджанне, то дапамажы яму, як можаш. Толькі не гавары яму, хто цябе паслаў. Магчыма, ты яго ведаеш. Мне здаецца так, але гэта няважна. Не задавай яму ніякіх пытанняў. І не адказвай на яго пытанні, калі ён захоча ў цябе пытацца. Як толькі ты паставіш яго на ногі, няхай сабе распараджаецца імі, як яму захочацца. Ты зразумеў мяне?

— Усё вельмі ясна, сен‘ёрыта. Вашы распараджэнні будуць выкананы ў дакладнасці.

— Дзякуй, сябра Беніто. Яшчэ адна просьба: аб тым, што ты для мяне зробіш, павінны ведаць толькі трое, больш ніхто. Трэці — гэта той чалавек, да якога я цябе пасылаю. Астатніх двух ты ведаеш.

— Я разумею вас, сен‘ёрыта. Ваша воля для мяне закон.

Беніто прышпорвае свайго каня.

— Пачакай. Я забылася, — закрычала яму Ісідора. — Ты ўбачыш там маё серапэ і капялюш; захапі іх з сабою. Я цябе пачакаю тут або сустрэну на дарозе.

Пакланіўшыся, Беніто ад‘ехаў. Але яго зноў спынілі.

— Я рашыла ехаць з табою, Беніто.

Слуга дона Сільвіо прывык ужо да капрызаў сваёй будучай гаспадыні.

Ён паехаў наперад, Ісідора паехала за ім.

Але Беніто памыліўся ў сваіх меркаваннях. Сен‘ёрыта Ісідора суправаджала яго не з-за капрызу. У яе для гэтага былі сур‘ёз-