Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/184

Гэта старонка не была вычытаная

можа схавацца ў калючых зарасніках. Там схаваецца і яго ганьба.

Ісідора астаецца на паляне нядоўга. Яе гнеў змяняецца глыбокім засмучэннем. Мала таго, што перашкодзілі яе спатканню, — яе сардэчная таямніца трапіла ў рукі здраднікам.

Зноў накіроўваецца яна дадому.

Каля гасіенды нейкае замяшанне.

Пастухі, палявыя рабочыя, служачыя бегаюць узад і ўперад, ад поля ў кораль, з кораля ва двор, і аб нечым крычаць. Мужчыны ўзбройваюцца. Жанчыны на каленях просяць у неба абароны.

— Што здарылася? — пытаецца Ісідора.

Беніто, які быў непадалёку, адказвае:

— Дзесьці ў прэрыі забілі чалавека. Афярай паў амерыканец, сын плантатара, які нядаўна пасяліўся ў гасіендзе Каса-дэль- Карво. Гавораць, што індзейцы зрабілі гэтае злачынства.

Індзейцы! У гэтым слове — прычына замяшання, якое ахапіла людзей дона Сільвіо.

Самы факт, што забілі нейкага чалавека, — яшчэ невялікае здарэнне для гэтай краіны. Яно не выклікала-б такіх хваляванняў, асабліва калі справа датычыць чужога — амерыканца. Вестка-ж, што блізка індзейцы, — ужо зусім іншая справа. У гэтым пагроза безапаснасці.

Ісідора аднеслася да гэтага паведамлення досыць абыякава.

Прайшло некалькі гадзін.

Новыя чуткі распаўсюдзіліся адносна забойства. Яно было зроблена зусім не каманчамі, а белым чалавекам — Морысам-мустангерам! Індзейцаў няма паблізу.

Гэтая новая рэдакцыя «навін» супакоіла слуг дона Сільвіо, але аказала адваротнае дзеянне на яго пляменніцу. Яна не знаходзіла сабе спакою. Праз поўгадзіны Ісідора спыніла свайго каня каля дзвярэй гасцініцы.

Маладая мексіканка крыху ўладала англійскай мовай, — ужо некалькі тыдняў, як яна старанна вывучала яе, — і запасу яе слоў аказалася дастаткова для таго, каб распытаць не пра чалавека, які быў забіты, а пра таго, хто абвінавачваецца ў забойстве.

Гаспадар таверны, ведаючы, хто яна, адказваў на пытанні з вялікай уважлівасцю.

З сумам на сэрцы вярнулася мексіканка да гасіенды Мартынец. Там было новае замяшанне. Новая страшная вестка: у ваколіцах ракі Нуэсес з‘явіўся коннік без галавы.

Ісідора рашае ехаць назад на Рыо-Грандэ, яе нішто не можа спыніць. Што ёй да таго, што ў прэрыі, праз якую ляжыць яе шлях, забілі чалавека! Яшчэ менш яе трывожыць здань конніка без галавы. Больш за тое — яна заявіла, што паедзе адна. Дон Сільвіо прапанаваў ёй варту з дзесяці ўзброеных вакеро. Ісідора адмовілася наадрэз. Ці не возьме яна з сабою Беніто? Не, яна лічыць за лепшае ехаць адна. Яна так вырашыла.