Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/185

Гэта старонка не была вычытаная

* * *

У наступную раніцу Ісідора сапраўды адправілася ў дарогу. Ледзь толькі развіднела, яна была ўжо ў сядле. Не прайшло і двух гадзін, як мексіканка была ўжо далёка, але яна ехала не па прамой дарозе на Рыо-Грандэ, а ўздоўж берагоў ракі Аламо.


Раздзел LVI

СТРЭЛ У ЧОРТА

Цэлую ноч хворы не самкнуў вачэй. То ён ляжаў зусім ціхі, маўклівы, то кідаўся ў шалёным брэду. Цэлую ноч не адыходзіў ад яго стары паляўнічы і лавіў кожнае слова яго няскладнай гаворкі.

Сварка. Капялюш. Плашч. Думкі Зеба кідаліся нібы ў нейкім цёмным, таямнічым лабірынце. Ніколі ў жыцці цвярозы розум паляўнічага не стаяў перад такімі цяжкасцямі. Зеб Стумп стагнаў, адчуваючы сваё бяссілле.

Пад раніцу, калі святло месяца ўжо змешвалася з досвіткам, пачулася працяжнае, нуднае выццё Тары, які блукаў сярод зараснікаў.

Патушыўшы святло, Зеб ціхенька вышаў і пачаў прыслухоўвацца. Начныя галасы трапічных зараснікаў змоўклі. Але што прымусіла выць Тару?

Паляўнічы спачатку кінуў позірк на палянку перад домам, пасля агледзеў узлессе зараснікаў, затым пачаў углядацца ў цень дрэў. Нічога не было відаць. Змрочнымі контурамі выдзялялася круча на фоне неба. Лінія горнага рэльефа была змякчана абрысамі верхавін растучых там дрэў. Наверсе, за абрывам, рассцілалася раўніна. Месяц ярка свяціў проста над кручай, і ваколіца была настолькі выразна відаць, што, здавалася, змяя не магла-б прапаўзці незаўважанай.

Але нідзе нікога не было.

Пачуўся нейкі гук. Ён далятаў з боку раўніны і як быццам недалёка ад кручы. Гэта быў нібы стук падковы, якая ўдарылася аб камень.

Так здалося Зебу.

Стары паляўнічы не памыліўся. Неўзабаве з-за дрэва, сапраўды, паказаўся конь. На кані сядзеў чалавек. Цёмным сілуэтам выдзяляўся коннік на сапфіравым фоне неба. Абрысы яго фігуры былі відаць толькі ад сядла і да плячэй; паверх плячэй нічога не было відаць.

Зеб Стумп працёр вочы, але вобраз аставаўся тым самым.

Зеб доўга сачыў за дзіўным коннікам, у якога не было галавы. Гэта не была здань або галюцынацыя. Коннік аддаляўся павольна і паступова. Спачатку за дрэвамі абрыва схавалася галава каня, пасля яго шыя, пярэдняя частка корпуса, пасля і яго сядок — зданнёвы, страшны вобраз чалавека.