Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/186

Гэта старонка не была вычытаная

— Іосафат! — ускаікнуў збянтэжаны паляўнічы. Гэты выклік паўтараў ён заўсёды, калі бываў чым-небудзь усхваляваны. А цяпер, не гледзячы на ўсё яго бясстрашша, ён быў ахоплены жахам.

Некаторы час Зеб стаяў зусім маўкліва, нібы анямеў ад страшнага відовішча.

— Чорт вазьмі! — нарэшце ўсклікнуў ён. — Ірландзец усё-такі праўду казаў. Я думаў, што гэта яму здалося з п‘яных вачэй. Але не! Ён на самай справе бачыў, таксама, як і я. Нядзіва, што чалавек спалохаўся. У мяне ў самога ўсё нутро дрыжыць. Іосафат! Што-ж гэта можа быць? Што-ж гэта можа быць? — паўтарыў Зеб пасля некаторага задумення. — Чорт мяне пабяры, калі тым або іншым шляхам я не даб‘юся разгадкі. Каб гэта было ўдзень, я мог-бы добра разгледзець гэтага конніка. Трэба паспрабаваць падыйсці да яго бліжэй. Спадзяюся, што ён мяне не з‘есць, калі нават гэта сам чорт, а калі коннік без галавы сапраўды чорт, то я яшчэ праверу сваёй куляй, скіне яна яго з сядла ці не. Такім чынам, пойдзем і пазнаёмімся бліжэй з гэтай нечысцю. Усёроўна, хто-б ён не быў.

З гэтымі словамі паляўнічы накіраваўся да сцежкі, якая вяла да абрывістага берага.

Стрэльба была пры ім, — ён узяў з сабою яе, калі выскачыў з халупы, пачуўшы выццё сабакі. Зеб добра разлічыў свой намер: узбіраючыся па крутой сцежцы, ён неўзабаве ўбачыў конніка. Коннік спыніўся над самым абрывам.

Зеба затрэсла ад гэтай сустрэчы.

Аднак, паляўнічы цвёрда рашыў выканаць свой намер; яму трэба было ведаць, хто гэта — чалавек ці чорт.

Зеб схапіў стрэльбу і прыцэліўся. Момант — і куля прабіла-б таямнічага конніка. Але ў паляўнічага прамільгнула думка: магчыма, ён зробіць забойства. Зеб апусціў дула і хвіліну хістаўся.

— Ало, незнаёмы! — закрычаў ён. — Позна-ж вы тут катаецеся. І дзе гэта вы забыліся сваю галаву?

Адказу не было. Толькі конь фыркнуў, пачуўшы чалавечы голас.

— Паслухайце, незнаёмы! Стары Зеб Стумп з штата Кентукі гаворыць з вамі. Ён не з тых, з якімі можна жартаваць. Я хачу, каб вы растлумачылі ваш фокус. Калі вы прадстаўляецеся мерцвяком, то прашу вас падняць руку. Ну, адказвайце, інакш я стрэлю.

Зноў ніякага адказу.

Чорт-бы вас пабраў! — усклікнуў паляўнічы. — Яшчэ шэсць секунд, — я даю вам шэсць секунд, і, калі за гэты час вы мне не адкажаце, я страляю. Калі вы проста чучала, то гэта вам не пашкодзіць. А калі вы чорт, то гэта, напэўна, таксама не прычыніць вам шкоды. Але калі вы чалавек, які грае ролю мерцвяка, то вы заслугоўваеце кулі за вашу дурасць. Ну, адказвайце-ж, —