Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/189

Гэта старонка не была вычытаная

— Бачу, як на далоні.

— Малайчына! Цяпер слухай. Сачы за дзвярыма. Калі хто-небудзь прыдзе ў часе маёй адсутнасці, бяжы проста да кактуса, зрэж адну галінку, ды больш калючую выбірай, і ткні яе пад хвост маёй кабыле.

— Святы Патрык! Навошта-ж гэта?

— Бачыш-жа, Фелім, мне трэба ведаць, калі хто-небудзь зазірне сюды. Я не пайду далёка, але ўсё-ж можа здарыцца, што я цябе не пачую. Няхай крычыць кабыла, у яе, бадай, голас мацнейшы за твой. Зразумеў, Фелім? Глядзі-ж, зрабі ўсё, як табе сказана.

Даўшы апошняе распараджэнне, стары паляўнічы ўскінуў стрэльбу на плячо і вышаў з халупы.

«А гэты стары не дурны», — падумаў Фелім.

Як толькі Зеб крыху адышоў ад хакале, Фелім таксама вышаў з халупы і стаў, як вартавы, ля яе парога.


Раздзел LVII

УМОЎЛЕНЫ СІГНАЛ

Феліму нядоўга давялося стаяць на варце. Не прайшло і дзесяці хвілін, як ён пачуў стук капытоў. Хтосьці набліжаўся ўздоўж берага да халупы. У Феліма затрапятала сэрца: «а раптам ды гэта ён зноў?»

Густая зелень дрэў перашкаджала яму разгледзець конніка, які набліжаўся.

Спачатку Фелім хацеў пабегчы на палянку і выканаць распараджэнне Зеба. Аднак, сполах прыкаваў яго да месца, і ён не адважваўся рушыць. Хутка ірландзец пераканаўся, што яго апасенні дарэмныя. У незнаёмага конніка галава была на месцы.

— Ну, так і ёсць, — яна ў яго на плячах, — сказаў Фелім, калі коннік паказаўся з-за дрэў і спыніўся на супроцьлеглым канцы паляны. — Сапраўдная галава, ды яшчэ з прыгожым тварам. Але небарака нечым нездаволены. Можна падумаць, што ён толькі што пахаваў сваю бабулю! Як цудоўна выглядае хлапец, а ножкі якія малюсёнькія. Святыя ўгоднікі, ды гэта-ж жанчына!

Прыгледзеўшыся бліжэй, Фелім канчаткова пераканаўся, што ён правільна вызначыў пол незнаёмага конніка.

Гэта была Ісідора.

* * *

Фелім упершыню бачыў мексіканку, ды і яна не ведала яго. Ён правільна заўважыў, што твар яе не быў радасны. Наадварот, ён быў сумны, нават больш за тое — пячаць роспачы ляжала на ім. Калі Ісідора паказалася з-за дрэў, у позірку яе была відаць нейкая апаска. Пры ўездзе на паляну твар не прасвятлеў, а выказаў здзіўленне, змешанае з расчараваннем.