Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/190

Гэта старонка не была вычытаная

— Ці не памылілася я? — запытала Ісідора нерашучым тонам па-англійску. — Даруйце, але я… я думала, што дон Морысіо жыве тут.

— Дон Морышо, вы сказалі? Не. Тут такота няма. Дон Морышо… Я ведаў аднаго па прозвішчу Морыш, ён жыў недалёка ад Балібалаха. Толькі імя яго было не Дон, а Пат Морыш яго звалі.

— Дон Морысіо, Мо-рыс, Мо-рыс.

— А! Морыс! Магчыма вы пытаецеся майго гаспадара, містэра Джэральда?

— Так, так! Сен‘ёр Джэральд.

— Містэр Джэральд якраз жыве ў гэтай самай халупе, правільней, ён сюды заязджае пасля палявання на дзікіх коней. Ён тут пасяліўся толькі на час свайго палявання. А калі-б вы бачылі яго прыгожы дом, дзе ён заўсёды жыве, і паглядзелі на блакітнавокую красуню, якая сумуе па ім! Бедная ўся слязмі заліваецца, чакаючы яго звароту. Ах, калі-б вы толькі бачылі яе!

Не гледзячы на ламаную гаворку Феліма, субяседніца добра зразумела яе сэнс. Штосьці падобнае на ўздых вырвалася ў Ісідоры, калі Фелім прагаварыў кароценькае слова «яе».

— Я зусім не хачу бачыць «яе», — паспяшалася адказаць яна. — Я хачу бачыць яго. Ён дома?

— Ці дома ён? Пытанне пастаўлена прама. Ну дапусцім, што я вам скажу, што дома. Што-ж тады?

— Я хачу яго бачыць.

— Ах, вось яно што! Давядзецца вам пачакаць. Цяпер не час для гасцей: да яго можна пусціць, мая красуня, толькі доктара або свяшчэнніка. А вас я не пушчу.

— Але мне вельмі трэба пабачыцца з ім.

— Гм, вам хочацца бачыць яго? Гэта вам не ўдасца. Фелім О‘Ніл рэдка адмаўляе красуням, асабліва такім чарнавокім, як вы. Але што зробіш, калі няможна.

— Але чаму-ж няможна?

— Мала чаму. Першае — таму, што цяпер ён не можа прыняць гасцей і асабліва жанчын.

— Але чаму-ж, сен‘ёр, чаму?

— Таму што ён не зусім апрануты. На ім адна кашуля, калі толькі не лічыць старых ануч, якім стары Зеб яго ўсяго абматаў. Чорт пабяры! Іх, бадай, хапіла-6, каб пашыць яму цэлы касцюм — пінжак, жылет і штаны…

— Сен‘ёр, я вас не разумею.

— Ах, не разумееце! Няўжо я недастаткова ясна сказаў, што ён у пасцелі?

— У пасцелі, у гэты час! Спадзяюся, нічога не…

— Здарылася, вы хацелі сказаць? На няшчасце, здарылася.

— Нядобрая справа здарылася. Яму давядзецца праляжаць пад коўдрай яшчэ шмат тыдняў.