Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/191

Гэта старонка не была вычытаная

— О, сен‘ёр, няўжо ён хворы?

— Вось гэта-ж я вам і сказаў.

— Значыць, ён хворы. О, сэр, скажыце, чым ён хворы і чаму ён захварэў?

— Добра, але я магу адказаць толькі на адно ваша запытанне — на першае. Яго хвароба здарылася ад дрэннага абыходжання, але хто ў гэтым вінаваты, бог яго ведае. У яго баліць нага. А скура яго выглядае так, нібы ён пасядзеў у мяшку з двума дзесяткамі злосных катоў. Ах, калі-б вы толькі бачылі, ды там-жа не знойдзецца жывога месца, усё падрапана! Нават такога кавалачка здаровай скуры, як ваша ручка, і то не знойдзецца. Горш яшчэ, ён у непрытомнасці.

— У непрытомнасці?

— Вось іменна. Ён размаўляе так, як бывае, калі чалавек вып‘е лішняе. Кропелька вінца, здаецца мне, была-б для яго лепшым лякарствам, але што зробіш, калі яго няма. І фляжка і бутля — усюды пуста. Ці няма ў вас чаго з сабою? Крышачку агвардыентэ — так, здаецца, па-вашаму? Мне даводзілася піць і горшую дрэнь; я ўпэўнены, што глыточак гэтай вадкасці надта-б дапамог гаспадару. Ну, скажыце-ж мне праўду, пані: ці ёсць з вамі хоць кропелька?

— Не, сен‘ёр, на жаль, у мяне няма ні кроплі віна.

— Шкада, крыўдна за містэра Морыса. Гэта для яго было-б вельмі дарэчы.

— Але, сен‘ёр, няўжо праўда, што мне нельга яго бачыць?

— Безумоўна праўда. Ды навошта гэта? Ён-жа ўсёроўна не адрозніць вас ад сваёй бабулі. Я паўтараю, што з ім дрэнна абышліся і ён у непрытомнасці.

— Тым больш я павінна яго бачыць. Магчыма, я магу дапамагчы яму. Я ў даўгу ў яго…

— О, вы яму вінны і хочаце заплаціць? Ну, гэта зусім іншая справа. Але тады вам не трэба яго бачыць. Я яго давераны, і ўсе яго справы ідуць праз мае рукі. Я не ўмею пісаць, але я магу паставіць крыжы на вашай распісцы, а гэтага зусім дастаткова для дакумента. Смела плаціце гэтыя грошы мне, і я даю вам слова, што мой гаспадар ніколі не запатрабуе іх другі раз. Цяпер гэта будзе дарэчы, — мы хутка ад‘язджаем, і нам грошы патрэбны. Дык вось, калі грошы з вамі, то астатняе дастанем — паперу, пяро і чарніла знойдзем у халупе. Скажыце толькі, што вы згодны, і я вам дам распіску.

— Не, не не! Я не пра грошы гаварыла. Гэта доўг ўдзячнасці.

— Ах, толькі ўдзячнасці! Ну, гэты доўг няцяжка заплаціць. І распіскі не патрэбна. Але цяпер плаціць такія даўгі не час. Гаспадар усёроўна нічога не зразумее. Калі ён апрытомнее, я яму скажу, што вы тут былі. Больш нічога і не патрабуецца ад вас.