Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/192

Гэта старонка не была вычытаная

— Скажыце, мне можна бачыць яго?

— Гавару вам, што цяпер нельга.

— Але я павінна яго бачыць!

— Вось яшчэ і павінны! Мяне паставілі на варту і строга загадалі нікога не ўпускаць.

— Гэта не магло датычыць мяне. Я яго сябра. Сябра дона Морысіо.

— Адкуль гэта можа ведаць Фелім О‘Ніл? Хоць вы і надта прыгожая сабою, а можаце аказацца яго злейшым ворагам.

— Але я павінна яго бачыць. Я гэтага хачу, і я ўбачу яго.

Пры гэтых словах Ісідора саскочыла з сядла і накіравалася да дзвярэй.

Убачыўшы на твары сваёй субяседніцы выраз рашучасці, ірландзец зразумеў, што надышоў час выканаць прадпісанні Зеба Стумпа. Паспешліва ўвайшоўшы ў халупу, Фелім вышаў адтуль, узброены тамагаўкам, і рашучым крокам рушыў наперад, але раптам спыніўся — жаночая ручка паднесла рэвальвер проста да яго скроні.

— Adajo la hacha! Прэч зброю! — закрычала Ісідора. — Няшчасны баязлівец, паспрабуй толькі на мяне падняць руку, і ты памрэш!

— Нападаць на вас, пані? — прамармытаў Фелім, крыху апамятаўшыся ад перапалоху. — Святая дзева! Гэтая зброя зусім не супроць вас. Клянуся вам усімі святымі!

— Для чаго-ж вы яе ўзялі? — запытала мексіканка, зразумеўшы сваю памылку і апускаючы рэвальвер. — Чаму-ж вы так узброіліся?

— Клянуся вам, толькі для таго, каб зрэзаць кактус — вунь ён там расце; мне трэба яго падсунуць пад хвост кабыле. Вы-ж не будзеце пярэчыць супроць гэтага?

Сен‘ёрыта змоўкла. Яна не ведала, як зразумець такі дзіўны намер.

Недарэчная фігура, якая стаяла перад ёю, наўрад ці магла сведчыць аб небяспецы. Увесь выгляд, аблічча ірландца, яго рухі, жэсты былі хутчэй камічнымі, чым пагражаючымі.

— Маўчанне — знак згоды, — сказаў супакоены Фелім. — Ён перабег палянку і ў дакладнасці выканаў усе настаўленні старога Зеба.

Дзікае равенне кабылы змяшалася з тупатам яе капытоў. Ім уторыла завыванне сабакі.

Ісідора стаяла, ахопленая маўклівым здзіўленнем. Да таго часу, пакуль прадаўжаўся гэты пякельны шум, не было чаго спрабаваць атрымаць тлумачэнні.

Фелім вярнуўся да дзвярэй хакале і з выглядам поўнага задавальнення зноў заняў свой вартавы пост, нібы артыст, добра сыграўшы сваю ролю.