Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/193

Гэта старонка не была вычытаная

Раздзел LVIII

АТРУЧАНЫ ПАЦАЛУНАК

На працягу дзесяці хвілін цягнуўся гэты дзікі канцэрт. Кабыла вішчэла, як недарэзанае парасё, а сабака ўторыў адрывістым нудным брэхам. Гукі былі чуваць на адлегласці мілі. А паколькі Зеб Стумп наўрад ці зайшоў далей, яны, вядома, даляцелі да яго вушэй.

У Морыса аказаўся яшчэ адзін абаронца, які заўзята ахоўваў уваход у халупу. Гэта быў Тара. Ён таксама адчуў недавер‘е да нязванай госці. Рухі мексіканкі здаліся сабаку варожымі, і Тара задзірыста загарадзіў уваход у халупу, стаўшы проста перад Фелімам.

Ісідора не хацела ісці напралом.

Яна стаяла, нібы прыкутая да месца, і чакала. Несумненна, што пасля такой бурнай прэлюдыі павінен быў наступіць адпаведны фінал. Моцна заінтрытаваная, яна цярпліва чакала канца гэтага спектакля. З выразам бездапаможнага неўразумення стаяла яна да таго часу, пакуль, нарэшце, паміж дрэвамі не паказаўся вялізны чалавек у вылінялым кафтане і з доўгай стрэльбай за плячыма.

Заўважыўшы Ісідору, ён штосьці працадзіў праз зубы, але што іменна — пачуць сярод шуму, які ўсё яшчэ прадаўжаўся, было немагчыма. Стумп хутка накіраваўся да каня, падняў у яго хвост і вызваліў яго ад пакутлівага катавання. Аднавілася цішыня, Ісідора ўсё яшчэ нічога не разумела.

Самаздаволенасць Феліма знікла, як толькі Стумп з грозным выглядам крута павярнуўся да халупы. Нават прысутнасць красуні не магла спыніць паток яго лаянкі.

— Ах ты, дурань! Ідыёт ірландскі! Для чаго, пытаюся, ты мяне выклікаў сюды? Я толькі што прыцэліўся ў вялізнага індыка, фунтаў у трыццаць, не менш. Праклятае выццё кабылы спудзіла яго перш, чым я паспеў спусціць курок. Цяпер прапала наша снеданне.

— Але, містэр Стумп, вы-ж самі сказалі, што калі хто-небудзь падыйдзе да халупы…

— Ну і дурань-жа ты! Няўжо гэта датычыла жанчыны? Дурная ты галава!

— А адкуль я мог ведаць што гэта жанчына. Вы-б паглядзелі, як яна сядзіць на кані, зусім як мужчына.

— Ну і што-ж? Усе мексіканкі так ездзяць. А гэтую я бачыў некалькі разоў, ды і чуў пра яе. Не ведаю, што прымусіла яе сюды прыехаць. І наўрад ці зможа яна гэта растлумачыць — яна гаворыць толькі на сваім мексіканскім дыялекце. Я-ж абсалютна яго не разумею і не жадаю яго разумець.

— Вы памыляецеся, містэр Стумп. Яна гаворыць па-англійску. Праўда, пані?