Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/194

Гэта старонка не была вычытаная

— Крыху, — адказала мексіканка, якая да гэтага часу слухала моўчкі.

— О-ах! — усклікнуў Зеб, крыху збянтэжаны. — Прабачце мне, сен‘ёрыта. Вы крыху размаўляеце па-амерыканску? Тым лепш. У такім выпадку вы мне можаце сказаць, чаго вы сюды прыехалі. Спадзяюся, што вы не заблудзіліся?

— Не, сен‘ёр, — адказала яна некалькі нерашуча.

— У такім выпадку, што-ж вам тут патрэбна?

— Мне, сен‘ёр… мне… Гэта дом дона Морысіо Джэральда?

— Так, правільна. Хоць гэтую халупу цяжка назваць домам, але, тым не менш, так яно і ёсць. Я думаю, вы хочаце бачыць гаспадара хакале?

— О, сен‘ёр, так! Я для гэтага і прыехала сюды.

— Ну што-ж, мне здаецца, пярэчанняў не можа быць. Спадзяюся, што ў вашых намерах няма нічога злоснага? Ці не праўда? Але толькі ці варта з ім размаўляць? Ён-жа не адрозніць вас ад свайго падноска.

— Ён хворы? З ім здарылася няшчасце? Гэты воін сказаў мне аб гэтым.

— Так, я ёй сказаў аб гэтым, — горда ўмяшаўся Фелім, якому надта спадабалася, што яго назвалі воінам.

— Правільна, — адказаў Зеб. — Ён ранены. І якраз цяпер у яго невялікі брэд. Я думаю, што сур‘ёзнага нічога няма. Трэба спадзявацца, што ён хутка выздаравее.

— О, сэр, я магу быць сястрой міласэрдзя. Бедненькі! Дазвольце мне зайсці, і я пачну даглядаць яго. Я яго адданы прыяцель.

— Што-ж, я ў гэтым не бачу нічога дрэннага. Гавораць, што гэта жаночая справа — даглядаць хворых. Я-ж за апошні час не меў магчымасці праверыць гэта на сабе, з таго самага часу, калі пахаваў сваю старэнькую на берагах Місісіпі. Калі вы хочаце пасядзець ля ложка хворага — калі ласка, паколькі вы называеце сябе яго прыяцелем. Вы можаце пабыць з ім, пакуль мы вернемся. Толькі глядзіце, каб ён не выскачыў з ложка, і не давайце яму зрываць павязкі, якімі я яго абкруціў.

— Даверцеся мне, сэр. Я буду аберагаць яго, як толькі магу. Але скажыце: як ўсё гэта здарылася? Індзейцы? Але-ж іх няма паблізу. Пасварыўся ён з кім-небудзь?

— Аб гэтым, сен‘ёрыта, вы ведаеце столькі-ж, колькі і я. У яго, як відаць, была схватка з кайотамі. Але што здарылася з яго каленам, гэта нікому невядома. Кайоты тут ні пры чым. Я знайшоў яго ўчора ў дальніх зарасніках. Ён стаяў па пояс у крыніцы, а з берагу на яго ўжо сабраўся скочыць плямісты звер, якога вы, мексіканцы, называеце тыграм. Што-ж, я выручыў Морыса з гэтай маленькай небяспекі. Але што было раней — гэта для мяне глыбокая таямніца. Хлапец страціў прытомнасць, і цяпер ад яго нічога не дазнаешся. Таму нам нічога не астаецца, як чакаць.