Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/199

Гэта старонка не была вычытаная

не катаванне? Я не магу больш цярпець! І не бачу іншага выйсця, апрача помсты. Не толькі яна, але і ён — абое павінны памерці!.. Але не цяпер, а тады, калі ён зможа зразумець, ад чыёй рукі ён загінуў! О, няхай адчувае ўсю сілу маёй помсты! Святая дзева, дай мне сілы адпомсціць!»

Ісідора прышпорыла каня і хутка паднялася па крутым адкосе.

Падняўшыся на раўніну, яна паімчалася шалёным галопам па прэрыі.

Прадастаўлены самому сабе, конь накіраваўся да Леоны.

Конніца, здавалася, не звяртала на гэта ніякай увагі, Са схіленай галавой, ахопленая глыбокімі думкамі, яна не заўважала нічога навокал.

Нечакана непадалёку ад яе паказалася група коннікаў.

«Індзейцы? Не, белыя. Цехасцы», — рашыла яна.

Не маючы ніякіх падстаў баяцца коннікаў, мексіканская дзяўчына не хацела сустракацца з імі цяпер. У іншы час яна не ўнікла-б сустрэчы, але ў хвіліну гора ёй не хацелася трапіць пад абстрэл пытанняў і дапытлівых позіркаў.

Яшчэ ёсць час схавацца. Як відаць, коннікі яшчэ не заўважылі яе. Крута звярнуўшы ў гушчу лесу, можна астацца незаўважанай.

Але не паспела Ісідора гэтага зрабіць, як яе конь моцна заірзаў. Дваццаць іншых коней адказалі яму.

Усё-ж яшчэ можна ўцячы. Напэўна коннікі кінуцца ў пагоню за ёю. Але ці дагоняць яе? Асабліва па гэтых звілістых сцежках лесу, так добра ёй знаёмых?

Яна ўжо гатова была прышпорыць свайго каня, але амаль у тую-ж хвіліну заўважыла атрад, які імчаўся проста на яе.

«Разбойнікі? Не! Занадта добра апрануты для гэтых брадзяг. Гэта, напэўна, атрад разведчыкаў на чале з бацькам забітага Генры. Так, так, гэта яны. О, божа! Вось магчымасць адпомсціць, яна едзе проста мне ў рукі. У гэтым, напэўна, воля божая».

Замест таго, каб звярнуць у зараснікі, Ісідора выехала на адкрытае месца і з задзёрыстым выглядам накіравалася насустрач коннікам. У яе зарадзіўся здрадніцкі план.

Праз хвіліну мексіканка апынулася ў цэнтры акружыўшага яе з усіх бакоў атрада.

Гэтая акалічнасць яе ніколькі не ўстрывожыла. Яна не спалохалася людзей, якія так бесцырамонна акружылі яе. Некаторых з іх яна ведала з выгляду. Стараватага чалавека, які, відавочна, з‘яўляўся іх кіраўніком, яна ніколі не бачыла, але інстынктыўна здагадвалася, хто ён. Гэта, напэўна, бацька забітага юнака і дзяўчыны, якую яна хоча бачыць забітай або, ва ўсякім выпадку, зганьбаванай. О, які шчаслівы выпадак!

— Вы гаворыце па-французску, мадэмуазель? — запытаў у яе Вудлі Пойндэкстэр.