Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/200

Гэта старонка не была вычытаная

— Вельмі мала, сэр. Лепш гаварыце па-англійску.

— О, па-англійску — тым лепш для нас. Скажыце мне, міс, вы нікога не сустрэлі па дарозе? Я хачу сказаць, ці не сустрэлі вы якіх-небудзь коннікаў, або, магчыма, заўважылі чый-небудзь лагер?

Ісідора або не рашалася, або абдумвала свой адказ.

Плантатар прадаўжаў распытваць з максімальнай далікатнасцю.

— Дазвольце ў вас запытаць, дзе вы жывеце?

— На Рыо-Грандэ, сен‘ёр.

— Вы цяпер проста адтуль?

— Не, з Леоны.

— З Леоны!

— Гэта пляменніца старога Мартынец, — растлумачыў адзін з прысутных. — Яго плантацыі прылягаюць да вашых, містэр Пойндэкстэр.

— Так, я пляменніца дона Сільвіо Мартынец.

— Значыць, вы едзеце проста з дому? Даруйце, магчыма, гэта вам здасца навязчывасцю з майго боку, але запэўняю вас, міс, мы распытваем у вас не з пустой цікаўнасці. Нас падштурхоўваюць да гэтага вельмі сур‘ёзныя прычыны, больш чым сур‘ёзныя.

— Так, я еду проста ад гасіенды Мартынец, — адказала Ісідора, робячы выгляд, што не звярнула ўвагі на апошнюю фразу плантатара. — Я выехала з дому майго дзядзі роўна дзве гадзіны таму назад.

— Вы нікога не сустрэлі ў гэтых месцах, міс?

— Так, сустрэла.

— Каго-ж? Будзьце ласкавы, апішыце нам яго.

— Жанчыну.

— Жанчыну? — водгуллем адазвалася некалькі галасоў.

— Так, сен‘ёры.

— Каго-ж іменна?

— Амерыканку.

— Амерыканку? Тут? Адну?

— Так.

— Хто-ж гэта?

— Я не ведаю.

— Вы не ведаеце яе? А як яна выглядала?

— Як яна выглядала?

— Так, як яна была апранута?

— У касцюме для язды конна.

— На кані, значыцца?

— На кані.

— Дзе-ж вы сустрэлі жанчыну, пра якую вы гаворыце?

— Недалёка адсюль, толькі з другога боку лесу.

— У якім напрамку яна ехала? І ці ёсць там якое-небудзь жыллё?

— Толькі адно хакале.