Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/210

Гэта старонка не была вычытаная

занняў. Ніхто не збіраецца абвінавачваць вас у фальшывым сведчанні. Калі ласка, прадаўжайце. Што вы чулі, калі і дзе вы чулі?

— Гэта было ў аўторак ноччу, калі загінуў мой стрыечны брат.

— У аўторак, ноччу? Далей.

— Я пайшоў ужо да сябе ў пакой. Было нясцерпна горача, надакучалі маскіты, спаць было немагчыма. Я ўстаў, запаліў сігару, пакурыў крыху ў пакоі, але пасля рашыў пайсці на страху. Ці было каля паўночы ці некалькі раней — не ведаю, бо я не сачыў за часам. Толькі я паспеў выкурыць сігару і ўжо хацеў дастаць другую, як пачуў далятаўшыя з боку ракі два галасы. Гэта была моцная, раззлаваная гутарка. Ясна было, што адбывалася сварка. Прыслухаўшыся, я пазнаў адзін голас, а пасля і другі. Першы быў голас майго стрыечнага брата Генры, другі — вось гэтага чалавека, забойцы.

— Прадаўжайце, містэр Кольхаун, мы хочам выслухаць спачатку вашы паказанні, а свае вывады вы выкажаце пасля.

— Вы разумееце, джэнтльмены, што я быў крыху здзіўлены, пачуўшы голас стрыечнага брата, — я думаў, што ён даўно ўжо спіць. Аднак, я быў настолькі ўпэўнены, што гэта іменна ён, што нават не пайшоў у яго пакой праверыць. Не менш ясна для мяне было і тое, што другім са спрачаўшыхся быў мустангер. Мне здалося асабліва дзіўным, што Генры, супроць звычайнага, вышаў у такі позні час. Але факт астаецца фактам, памылкі тут не магло быць. Я пачаў прыслухоўвацца, каб даведацца, аб чым яны спрачаюцца. Галасы былі чуваць слаба. Адзіна, што мне ўдалося разабраць, гэта тыя моцныя выразы, якія Генры пасылаў па адрасу мустангера. Ясна было, што мой стрыечны брат нечым абражаны. Пасля выразна пачуліся пагрозы мустангера. Кожны гучна назваў адзін аднаго па імю, і адразу-ж у мяне не асталося ніякіх сумненняў. Мне варта было пайсці туды і высветліць, у чым справа, але я быў у начных туфлях. Я пачакаў каля поўгадзіны, спадзеючыся, што Генры хутка вернецца дадому, але ён не прышоў. Я падумаў, што юнак накіраваўся ў таверну. Там ён мог сустрэць знаёмых з форта і прасядзець доўга. Я рашыў легчы спаць. Такім чынам, джэнтльмены, я сказаў вам усё, што я ведаю. Бедны Генры пасля таго ўжо больш не вяртаўся ў Каса-дэль-Карво. Яго пасцель у тую ноч асталася пустой, ён начаваў недзе ў прэрыі або ў лесе, а дзе іменна, ведае толькі гэты чалавек.

Рухам рукі ён паказаў на абвінавачанага.

Прамова Кольхауна зрабіла сваё дзеянне. У шчырасці яго слоў ніхто не сумняваўся.

Адбыўся новы выбух абурэння.

— Павесіць! Павесіць! — крычалі галасы з усіх бакоў. Нават сам суддзя, здавалася, пачаў хістацца. Пярэчачых зрабілася яшчэ менш. Напружанасць расла, нібы перад бурай.

Адзін з пагранічных галаварэзаў накіраваўся да вяроўкі — ён