Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/211

Гэта старонка не была вычытаная

толькі што адышоў ад Кольхауна, з якім аб нечым перашэптваўся. Ён узяўся за ласо і хутка надзеў пятлю на шыю прысуджанаму, які па-ранейшаму быў у непрытомнасці.

Ніхто не спрабаваў спыніць ката.

Ніхто не асмельваўся абараняць палонніка.

Пятля накінута на шыю Морыса. Другі канец вяроўкі ўжо закінуты на смакоўніцу.

«Хутка Морысу Джэральду — смерць» — так думаў кожны з прысутных.


Раздзел LXIV

СЕРЫЯ ІНТЭРМЕДЫЙ

«Хутка Морысу Джэральду — смерць» — так думаў кожны з удзельнікаў гэтай трагедыі, якая разыгрывалася на ўлонні прыроды, пад ценем сапраўдных дрэў.

Але тут адбыўся нечаканы перапынак у дзеянні — трагедыя раптам змянілася фарсам. І героем гэтага фарса быў Фелім.

Пасля «натхняючай» прамовы Кольхауна, якая яшчэ больш узмацніла прагнасць помсты, увага рэгулятараў была цалкам занята Морысам. Пра слугу яны забыліся. Поўныя злосці позіркі былі накіраваны толькі на мустангера. Феліму здарылася магчымасць уцячы, і ён не прамінуў гэта скарыстаць.

Качаючыся па траве, ён расслабіў вяроўку, вызваліўся ад яе і ціхенька прапоўз паміж ног усхваляванага натоўпа. Ніхто не заўважыў яго манеўра. Ашалелыя ад узрушваючага відовішча людзі штурхалі адзін другога, не адрываючы вачэй ад смакоўніцы, якая выконвала ролю шыбеніцы.

У Феліма зусім не было намеру пакінуць на волю лёсу свайго гаспадара. Наадварот, ён зноў спрабаваў дапамагчы Морысу Джэральду. Усе надзеі ён ускладаў цяпер на Зеба Стумпа і таму рашыў выклікаць яго як мага хутчэй ужо вядомым нам спосабам.

Вышмыгнуўшы з натоўпа, Фелім ціхенька пачаў прабірацца да таго месца, дзе пасвілася старая кабыла. На ўзлессі былі прывязаны коні прыехаўшых. Яны стаялі доўгай вераніцай, утвараючы суцэльную сцяну. Пад яе аховай Феліму ўдалося дабрацца да вызначанай мэты.

Але тут ён выявіў, што не захапіў з сабою неабходных прыстасаванняў. Ён выпусціў з рук галінку кактуса на тым месцы, дзе яго ўпершыню затрымалі. У яго не было нажа — зрэзаць кактус не было чым.

У сумным задуменні спыніўся гальвеец, не ведаючы, што зрабіць. Неабходна было дзейнічаць, не трацячы часу. Кожная хвіліна прамаруджання магла зрабіцца ракавой для жыцця яго гаспадара. Але не было той афяры, на якую-б не адважыўся-б верны слуга; Фелім кінуўся да калючай расліны і голымі рукамі адарваў ад яе галінку.