Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/212

Гэта старонка не была вычытаная

Яго рукі былі падраны да крыві. Але ці можна было звяртаць увагу на такое глупства, калі выратоўваўся лёс чалавека! Ірландзец пабег да кабылы і, без усякіх перасцярог, падсунуў ёй пад хвост прыладу катавання.

А тым часам на паляне дзеянне ішло сваім парадкам. Пятля была гатова; другі канец вяроўкі, перакінуты цераз галіну смакоўніцы, быў ужо ў руках добраахвотнікаў-катаў. Яны чакалі апошняга загаду. Натоўп замёр. Людзі стаялі маўкліва і нерухома, як ствалы акружаючых дрэў. Нават Кольхаун ухіліўся ад гэтай ролі.

У гэты напружаны момант старая кабыла, — усе ведалі, што яна належыць Зебу Стумпу, — раптам нібы звар‘яцела. Яна пачала танцаваць па траве, высока падкідаючы заднія ногі і напаўняючы паляну шалёным ірзаннем. Суседнія з ёю коні пачалі ёй уторыць, падскакваючы таксама шалёна, як і яна.

Настрой натоўпа рэзка змяніўся. На тварах адлюстравалася трывога, пачуліся спалоханыя крыкі.

Рэгулятары кінуліся да зброі і да коней.

— Індзейцы!

Толькі нашэсце каманчаў магло выклікаць такі перапалох.

Хваляванне прадаўжалася да таго часу, пакуль гаспадары не забралі сваіх коней. Коні супакоіліся, і толькі кабыла Зеба прадаўжала вар‘яцець.

Тады толькі натоўп даведаўся аб сапраўднай прычыне трывогі. Дарэчы, тут-жа выявілі, што гальвеец знік.

Фелім прадбачліва схаваўся за кустамі, і гэта яго выратавала, інакш жыццё слугі аказалася-б не ў меншай небяспецы, чым жыццё яго гаспадара.

Чалавек дваццаць схапіліся за стрэльбы і прыцэліліся ў віноўніцу скандала. Але раней, чым яны паспелі спусціць куркі, хтосьці са стаяўшых паблізу накінуў ласо на шыю каня і гэтым прымусіў яго змоўкнуць.

* * *

Спакой аднавіўся. Увага зноў сканцэнтравалася на асуджаным. Рэгулятары па-ранейшаму былі раззлаваны. Шумны інцыдэнт не толькі не развесяліў іх, а, наадварот, узмацніў злосць. Зноў пачуліся выкрыкі, патрабуючыя смяротнай кары.

Зноў натоўп прагнучых помсты людзей самкнуўся кальцом навокал прысуджанага.

Зноў бандыты схапіліся за вяроўку, зноў у кожнага з прысутных прамільгнула думка: «Хутка Морысу Джэральду — смерць!»

І зноў — перапынак.

З-за дрэў на яркае сонечнае святло выбегла красуня-дзяўчына.

Як метэор, уляцела Луіза ў натоўп і нахілілася над прысуджаным, маўкліва распасцёртым на траве. Учапіўшыся абодвума рукамі за вяроўку, яна вырвала яе з рук катаў.