Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/213

Гэта старонка не была вычытаная

— Цехасцы! Падлюгі! — закрычала яна з абурэннем. — Ганьба! Ганьба!

Здзіўленыя каты выпусцілі з рук вяроўку.

— Суд! Гэта называецца суд! Абвінавачваемы прысуджаны без абаронцы, не атрымаўшы магчымасці сказаць ніводнага слова ў сваё апраўданне. І гэта вы называеце справядлівасцю? Цехаская справядлівасць! Саромейцеся! Вы не людзі, а звяры! Забойцы!

— Што гэта азначае? — крыкнуў Пойндэкстэр, кідаючыся наперад і хапаючы дачку за руку. — Ты страціла рассудак, Лу! Ты зусім звар‘яцела! Як ты трапіла сюды? Хіба я не сказаў табе, каб ты адпраўлялася дадому? Зараз-жа ідзі, у гэтую-ж хвіліну, і не ўмешвайся ў тое, што цябе не датычыць!

— Бацька, гэта мяне датычыць!

— Цябе датычыць? Ах, праўда, ты, — сястра. Гэты чалавек — забойца твайго брата.

— Я гэтаму ніколі не паверу. Ніколі! О, людзі, калі вы сапраўды людзі, то не паступайце, як звяры. Патрэбен справядлівы суд, а тады… тады…

— Над ім быў справядлівы суд, — крыкнуў хтосьці з натоўпа. — Ніхто не сумняваецца ў яго вінаватасці. Ён забіў вашага брата, і ніхто іншы. І гэта вельмі непрыстойна з вашага боку, — даруйце, што я гавару так, — нядобра, што вы стараецеся выратаваць мустангера ад таго, што ён заслужыў.

— Правільна! — далучылася некалькі галасоў.

— Ён павінен быць пакараны па заслугах! — крыкнулі з натоўпа.

— Павінен, павінен! — рэхам паўтарыў цэлы хор.

— Нам вельмі шкада, што мы не можам задаволіць ваша патрабаванне, але мы павінны прасіць вас пайсці адсюль. Містэр Пойндэкстэр, было-б добра, калі-б вы адвялі вашу дачку.

— Пойдзем, Лу! Тут не месца для цябе. Трэба пайсці. Ты адмаўляешся? Што гэта? Ты адмаўляешся слухацца мяне? Касій, вазьмі яе за рукі і адвядзі адгэтуль. Калі ты, Луіза, не пойдзеш добраахвотна, мы сілай прымусім цябе гэта зрабіць. Ну, будзь-жа разумнай. Зрабі тое, што я цябе прашу. Ідзі!

— Не, бацька! Я не пайду да таго часу, пакуль ты мне не паабяцаеш, пакуль усе не паабяцаюць…

— Мы нічога не можам абяцаць вам, міс, як-бы нам гэтага не хацелася. Ды і наогул гэта — не жаночая справа. Зроблена злачынства, забойства, вы гэта самі ведаеце. Нельга насілаваць думкі суддзяў. Забойцу няма літасці.

— Няма літасці! — рэхам адгукнулася некалькі дзесяткаў раззлаваных галасоў.

— Павесіць яго! Павесіць!

Рэгулятараў больш не бянтэжыць прысутнасць чароўнай дзяўчыны. Касій Кольхаун груба, зусім забыўшыся аб далікат-