Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/216

Гэта старонка не была вычытаная

кова баючыся прыняць выклік, часткова з пашаны да мужнасці і велікадушша паляўнічага. Зеб Стумп, карыстаючыся спрыяльным момантам, прадаўжаў дамагацца свайго.

— Назначце над хлапцом справядлівы суд, — патрабаваў ён. — Давайце завязем яго ў сетлмент, і няхай яго там судзяць. У вас няма яўных доказаў, што ён удзельнічаў у гэтай бруднай справе, і пракляцце на мяне, калі я паверу гэтаму, не пераканаўшыся ўласнымі вачыма. Я ведаю, як ён адносіўся да юнага Пойндэкстэра. Ён не толькі не быў яму ворагам, але быў блізкім прыяцелем.

— Вы не ведаеце, містэр Стумп, таго, што мы толькі што чулі.

— Што такое вы чулі?

— Паказанні, якія гавораць нам аб адваротным. У нас ёсць доказы, што паміж Джэральдам і юным Пойндэкстэрам была сварка, больш за тое — яна адбылася іменна ў тую ноч.

— Хто гэта сказаў, Сэм Мэнлі?

— Я сказаў гэта, — адказаў Кольхаун, выступаючы наперад, каб яго бачыў Зеб.

— О, гэта вы, містэр Касій Кольхаун? Вы ведаеце, што яны абодва пагарачыліся? Вы прысутнічалі пры іх сварцы?

— Я гэтага не гаварыў, Зеб Стумп. А апрача таго, я зусім не збіраюся адказваць на вашы пытанні. Я думаю, джэнтльмены, вы ўсе згодны з вынесеным рашэннем. Я не разумею, чаму гэта стары дурань павінен умешвацца ў нашы справы.

— Стары дурань! — закрычаў паляўнічы. — Вы назвалі мяне старым дурнем? Клянуся, што вам яшчэ давядзецца гэтыя словы ўзяць назад, гэта вам гаворыць Зеб Стумп з Кентукі. Ну, ды пакуль аб гэтым неварта гаварыць. Усяму свой час. І ваш час надыйдзе, містэр Касій Кольхаун, і магчыма, раней, чым вы думаеце. Што-ж датычыць сваркі паміж Генры Пойндэкстэрм і гэтым хлапцом, — прадаўжаў Зеб, звяртаючыся да верхавода рэгулятараў, — я ў яе не веру. І ніколі не паверу, пакуль не будзе больш пераканаўчых доказаў, чым яго балбатня. З таго, што я ведаю, гэтых вывадаў нельга зрабіць. Вы гаворыце, што ў вас новыя факты? У мяне яны таксама ёсць. І факты, якія, мне здаецца, могуць праліць некаторае святло на гэтую таямнічую справу.

— Якія факты? — запытаў Сэм Мэнлі. — Мы слухаем цябе, Зеб Стумп.

— Іх некалькі. Перш за ўсё, вы самі бачыце, што хлапец ранены. Я не гавару аб драпінах. Я думаю, што яго патрапалі кайоты. Але паглядзіце на калена. Гэта ўжо ніяк не кайоты. Што ты думаеш адносна гэтага, Сэм Мэнлі?

— Тут выказалі меркаванне, што гэта адбылося ў часе схваткі паміж ім і…

— Паміж ім і кім? — рэзка запытаўся Зеб.

— І чалавекам, які згінуў.