Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/217

Гэта старонка не была вычытаная

— Так, вось такая наша думка, — сказаў хтосьці з натоўпа. — Мы ўсе ведаем, што Генры Пойндэкстэр не дазволіў-бы сябе забіць, як цялё. Паміж імі была бойка, і, як відаць, мустангер пры падзенні ўдарыўся каленам аб камень. Гэтым трэба вытлумачыць пухліну. Апрача таго, на галаве ў яго ёсць рана, падобна, што ад пісталета. Што-ж датычыць драпін, то мы не ведаем, адкуль яны — ці ад шыпоў раслін ці ад зубоў і кіпцюроў кайотаў, як вы думаеце. Тут адзін дзівак склаў байку пра тыгра, але мы ёй не верым.

— Пра якога дзівака вы гаворыце? Вы маеце на ўвазе Феліма? А дзе-ж ён?

— Уцёк, выратоўваючы сваю галаву. Мы пашукаем яго, як толькі скончым з гэтай справай. Дадзім яму папрабаваць шыбеніцы, і тады ён загаворыць па-сапраўднаму.

— Калі вам трэба даведацца пра тыгра, то вы нічога новага і не даведаецеся. Я сам бачыў гэтую нечысць і ледзь паспеў, каб вырваць хлапца з яе кіпцюроў. Але не ў гэтым справа. Што яшчэ расказваў гэты хлапчына?

— Доўгую гісторыю пра нейкіх індзейцаў. Але хто гэтаму паверыць?!

— Што-ж, ён і мне расказаў тое самае. Усё гэта падобна да праўды. Ён гаварыў, што яны ігралі ў карты. Вось глядзіце. Я знайшоў цэлую калоду ў халупе на падлозе. Гэта іспанскія карты.

Зеб выцягнуў калоду з кішэні і працягнуў яе верхаводу рэгулятараў.

Пры ўважлівым аглядзе карты аказаліся мексіканскага вырабу, звычайна ўжываемыя для ігры ў «monte».

— Дзе гэта чуваць, каб каманчы ігралі ў карты? — запытаў адзін з усумніўшыхся ў праўдападобнасці расказа. Гэта проста смешна!

— Смешна, вы сказалі? — умяшаўся адзін паляўнічы, якому давялося прабыць каля дванаццаці месяцаў у палоне ў каманчаў. — Магчыма, гэта і смешна, але, тым не менш, гэта праўда. Не раз мне даводзілася бачыць, як дзікуны ігралі ў карты на скуры буйвала замест стала, ігралі яны іменна ў гэтую мексіканскую ігру; напэўна, яны навучыліся ў сваіх палоннікаў. Вось так яно і ёсць, — каманчы іграюць у карты, гэта правільна.

Зеб Стумп быў рад гэтаму выступленню.

З‘яўленне індзейцаў у ваколіцах мяняла адносіны да справы рэгулятараў, якія да гэтага часу думалі, што каманчы займаліся разбоем толькі з таго боку сетлмента.

— Вядома, гэта так, — падхапіў Зеб, жадаючы пераканаць прысутных адкласці судовы разгляд. — Тут былі індзейцы або, ва ўсякім выпадку, хтосьці, вельмі-ж да іх падобны. Іосафат! Адкуль гэта яна імчыцца?

У гэтым момант з боку кручы ясна даляцеў тупат капытоў.

Над абрывам паказалася конніца, якая імчалася ва ўвесь