Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/218

Гэта старонка не была вычытаная

кар‘ер. Валасы ў яе растрапаліся, капялюш зляцеў з галавы. Наезніца ўвесь час падганяла свайго каня хлыстом, шпорамі і крыкам, хоць конь і без таго імчаўся з усіх сіл.

У гэтай незвычайнай конніцы ўсе адразу пазналі тую жанчыну, якая поўгадзіны таму назад паказала ім дарогу да халупы.


Раздзел LXVI

ГАНІМАЯ КАМАНЧАМІ

Ісідора з‘явілася нечакана. Што прымусіла яе вярнуцца? І чаму імчалася яна такім шалёным галопам?

Каб растлумачыць гэта, мы павінны вярнуцца да моманту яе сумных размышленняў пасля сустрэчы з цехасцамі.

Расстаўшыся з атрадам, Ісідора некаторы час была ў нерашучасці: ці ехаць ёй на Леону, ці вярнуцца да хакале і самой быць сведкай падзей, якія павінны там адбыцца.

Яна спынілася ля лясных зараснікаў, пад ценем дрэў, і мімаволі паглядзела на цёмную верхавіну кіпарыса, якая ўзвышалася над абрывістым берагам Аламо. Цяжкія сумненні аўладалі яе душою.

Што зрабіла яна, накіраваўшы атрад да халупы? Калі і будзе зняважана жанчына, якую яна ненавідзіць, то адначасова можа загінуць і любімы чалавек.

— Матка божая! — прашаптала яна. — Што я нарабіла?! Калі толькі гэтыя разлютаваныя суддзі прызнаюць яго вінаватым, які будзе канец? Смерць! О, я не хачу гэтага! Толькі не ад іх рук! Не, не! Калі я паказала ім дарогу, як прагна кінуліся яны наперад! Яны ўжо загадзя вырашылі, што дон Морысіо павінен памерці. Ён тут усім чужы, ураджэнец іншай краіны. Адзін, без сяброў, акружаны толькі ворагамі…

Позірк дзяўчыны з маўклівым сумам блукаў па прэрыі. Яе конь раптам ціхенька заірзаў і павярнуў галаву ў бок зараснікаў.

«Ці няма там каго?»

Ісідора таксама павярнулся і пачала ўглядацца ў сцежку, па якой толькі што праехала. Гэта дарога на Леону. Яна відаць толькі на невялікай адлегласці — далей, за паваротам, яна знікае сярод зараснікаў. На ёй нікога не відаць, апрача двух або трох худых кайотаў.

Чаму-ж яе конь праяўляе нецярплівасць, не хоча стаяць на месцы, храпе і гучна іржэ?

У адказ пачулася ірзанне некалькі коней, якія, відавочна, імчаліся па дарозе, але ўсё яшчэ іх нельга было ўбачыць за зараснікамі. Чуваць былі толькі ўдары капытоў.

Пасля зноў усё сціхла. Коні або спыніліся, або ішлі лёгкім, нячутным крокам.

Ісідора ледзь супакоіла свайго шэрага каня і ўся ператварылася ў слых. З зараснікаў даляцеў нейкі слабы гул. Гэта шэпт чалавечых галасоў.