Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/221

Гэта старонка не была вычытаная

трапілі яны ў палон, мы маглі-б што-небудзь даведацца адносна гэтай загадачнай справы. Але цяпер іх ужо не дагоніш!

* * *

З‘яўленне індзейцаў мяняе настрой натоўпа, які знаходзіцца каля халупы мустангера.

Кольхаун і яго бандыты больш ужо не гаспадары становішча. Верхавод рэгулятараў абвяшчае, што суд адкладваецца.

Адразу-ж складаецца новы план дзеяння. Абвінавачаны павінен быць пераведзен ў сетлмент, дзе будзе назначан судовы разгляд згодна законаў краіны.

Гэта прапанова прымаецца большасцю прысутных. А што-ж рабіць з індзейцамі? Гнацца за імі? Вядома. Але калі? Зараз-жа, у гэтую хвіліну? Асцярожнасць падказвае, што не. Бачылі толькі чатырох, але яны маглі быць авангардам некалькіх соцень.

— Лепш пачакаць жанчыну, што імчалася над абрывам, і ад яе даведацца аб індзейцах, — так раіць хтосьці з цехасцаў.

Цяпер усе чакаюць Ісідору.

Гэтым часам Зеб Стумп вымае кляп з роту няшчаснага палонніка і развязвае туга зацягнутую вяроўку. З ліхарадачнай увагай здалёку назірае за гэтым Луіза Пойндэкстэр.

Але дзе-ж пляменніца дона Сільвіо Мартынец?

Яе да гэтага часу яшчэ няма. Не чуваць больш нават стуку капытоў яе каня.

Адсутнасць Ісідоры выклікае здзіўленне, трывогу, страх. Сярод прысутных шмат паклоннікаў мексіканскай дзяўчыны. Магчыма, што яе захапілі ў палон.

Самалюбнасць цехасцаў закранута. Гэта-ж іх прасілі аб дапамозе: «Цехасцы, выратуйце!»

І вось прагнасць помсты, накіраваная супроць мустангера, цяпер пераключаецца ў іншае русло — трэба адпомсціць чырвонаскурым.

Больш юныя і гарачыя не могуць больш цярпець невядомасці; яны ўскокваюць у сёдлы і голасна абвяшчаюць сваё рашэнне найсці дзяўчыну, выратаваць яе або загінуць.

Ніхто не спыняе юнакоў. Яны адпраўляюцца ратаваць Ісідору, гнацца за піратамі прэрый.

На месцы астаюцца нямногія; Зеб Стумп сярод іх.

Паляўнічы цалкам заняты цяпер доглядам хворага, якога ўсё яшчэ ахоўваюць рэгулятары. Але не адзін толькі Зеб астаецца верным мустангеру ў хвіліну яго няшчасця. Красуня-крэолка па-ранейшаму не спускае з яго вачэй, хоць і прымушана захоўваць ад іншых свой гарачы ўдзел.

А вось паказаўся і Фелім, ён таксама спяшаецца на дапамогу да свайго гаспадара. Увесь гэты час ён прасядзеў употайку на дрэве, наглядаючы адтуль за тым, што адбывалася каля халупы. Перамена абстаноўкі дала магчымасць яму, нарэшце, без рыску спусціцца на зямлю.