Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/222

Гэта старонка не была вычытаная

Так скончыўся суд над Морысам Джэральдам.

Далейшыя падзеі будуць развівацца ўжо далёка ад берагоў Аламо.

Праз гадзіну халупа апусцее і Морысу-мустангеру, магчыма, ніколі ўжо не давядзецца жыць пад яе гасціннай страхой.


Раздзел LXVIII

НЯЎДАЧНЫ ПАХОД

Паход супроць каманчаў прадаўжаўся не больш трох або чатырох дзён. Аказалася, што індзейцы заходняй раўніны зусім і не збіраліся сур‘ёзна ваяваць. Іх набегі на сетлменты былі простым свавольствам юных малайцоў, якія імкнуліся заслужыць званне адважных. Яны адзначылі свае геройствы тым, што знялі некалькі скальпаў, захапілі ў палон дзесятак коней і некалькі галоў рагатай жывёлы.

Такія напады — досыць звычайная з‘ява для Техаса. Яны часта адбываюцца па ініцыятыве асобных галаварэзаў, часта без ведама правадыра або старэйшын племя. Старыя звычайна супроць такіх выхадак.

Чырвонаскурых піратаў дагнаў эскадрон конных стралкоў у ваколіцах Сан-Саба. Яны вымушаны былі пакінуць здабычу і толькі ўцёкамі выратавалі сваё жыццё.

Паколькі каманчы адступілі за межы нейтральнай паласы, удзельнікам пасланага супроць іх атрада нічога больш не аставалася, як вярнуцца да сваіх часцей і чакаць далейшых распараджэнняў з галоўнага штаба.

Для маладых цехасцаў, якія прагнулі ваенных подвігаў, гэта было вялікім расчараваннем. Даведаўшыся, што ў часе іх адсутнасці індзейцы з‘явіліся таксама і на ўсходзе, на тым баку Леоны, яны зноў было развесяліліся ў надзеі на новую экспедыцыю. Але і тут іх чакала няўдача.

Атрад моладзі, які адправіўся на выручку Ісідоры, хутка вярнуўся, не знайшоўшы ў ваколіцах Аламо ніякіх індзейцаў. Мала таго, можна было думаць, што ўся гісторыя з паяўленнем чырвонаскурых каля халупы мустангера была чыстай містыфікацыяй. Гэта былі зусім не індзейцы, а белыя, замаскіраваныя індзейцамі.

У пацверджанне сваіх здагадак удзельнікі атрада прывезлі некалькі прадметаў, якія яўна сведчылі аб такім маскарадзе. Гэта былі парыкі з конскага воласа, пер‘і пеўня, афарбаваныя ў зялёны і чырвоны колеры, штаны з аленяй скуры, макасіны і некалькі каробак фарбаў. Усё гэта было знойдзена ў дупле старога топаля.

Не было чаго і марыць аб новым паходзе супроць індзейцаў. Шукальнікам геройскіх учынкаў давялося змірыць свае парывы і задаволіцца мірным жыццём.