Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/223

Гэта старонка не была вычытаная

Не гледзячы на аддаленасць форта Індж ад якога-небудзь вялікага цывілізаванага цэнтра, нельга сказаць, каб жыццё там працякала вяла. Перш за ўсё, зусім нядаўна там пасялілася маладзенькая жанчына надзвычайнай прыгожасці. Затым — таямнічае знікненне і мяркуемае забойства яе брата. Далей — яшчэ больш таямнічае з‘яўленне конніка без галавы, гісторыя аб бледнатварых, разыгрываючых індзейцаў, і, нарэшце, апошняя па ліку, але не па свайму значэнню навіна аб тым, што западозраны ў забойстве Генры Пойндэкстэра чалавек злоўлены і знаходзіцца за сценамі гауптвахты ў стане буйнага вар‘яцтва.

Імя Ісідоры Каварубіо дэ Лос-Ланос, гэтай эксцэнтрычнай красуні, зрабілася ўлюбёнай тэмай абмеркавання. Распаўсюджваліся таксама чуткі, быццам-бы і яна знаходзіцца ў нейкай сувязі з загадачнай гісторыяй, якая ўсіх так усхвалявала.

Дэталі разыграўшыхся на Аламо падзей: мустангер, знойдзены хворым у сваёй халупе, рашэнне павесіць яго, адтэрміноўка выканання прысуду ў сувязі з умяшаннем Луізы Пойндэкстэр, маючы быць перагляд справы, адкладзенай дзякуючы адважнаму заступніцтву Зеба Стумпа, — усё гэта былі надзвычай яркія моманты.

Усе гэтыя падзеі давалі багаты матэрыял для ўсіх размоў і пляткарства.

Аднак, найбольш заўзятыя спрэчкі сканцэнтраваліся вакол тэмы адносна вінаватасці або невінаватасці мустангера, абвінавачваемага ў забойстве Генры Пойндэкстэра.

— Забойства, — сказаў па-філасофску настроены капітан Сломан, — гэта злачынства, на якое, на маю думку, Морыс-мустангер не здольны. Мне здаецца, што я дастаткова добра ведаю гэтага хлапца, каб сцвярджаць гэта.

— Вы не можаце адмаўляць, — запярэчыў Кросман, — што ўся абстаноўка справы гаворыць супроць яго. У яго вінаватасці амаль што не можа быць сумненняў.

Кросман ніколі не быў прыхільнікам маладога ірландца. Яму аднойчы здалося, што пляменніца камісара, першая красуня форта, занадта прыхільна паглядзела на гэтага шукальніка прыгод.

— Я з вамі ніяк не магу згадзіцца, — адказаў Сломан.

— Але-ж не даводзіцца сумнявацца ў тым, што малады Пойндэкстэр забіты. Гэта бясспрэчна. Дык хто-ж яшчэ іншы мог гэта зрабіць? Кольхаун клянецца, што ён падслухаў спрэчку паміж юнаком і Джэральдам.

— Гэты даражэнькі стрыечны брат будзе клясціся ў чым хочаце, калі толькі яму гэта выгадна, — умяшаўся драгун Генкок. — Апрача таго, яго нелады з мустангерам ставяць пад сумненне яго доказы. Ці не праўда?

— Скажам, што паміж юным Пойндэкстэрам і мустангерам адбылася сварка, — прадаўжаў афіцэр пяхоты, — што-ж з таго? Гэта яшчэ не даказвае, што мы маем справу з забойствам.