Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/224

Гэта старонка не была вычытаная

— Значыць, вы думаеце, што гэты хлапец забіў Пойндэкстэра ў сумленнай схватцы?

— Вельмі магчыма.

— Але на якой глебе ў іх здарылася сварка? — запытаў Генкок. — Я чуў, што малады Пойндэкстэр быў у прыязных адносінах з мустангерам, не гледзячы на яго нелады з Кольхаунам. Чаго яны маглі паспрачацца?

— Дзіўнае пытанне з вашага боку, лейтэнант Генкок, — адказаў пехацінец. — Хіба мужчыны сварацца з-за чаго-небудзь іншага, апрача…

— Апрача як з-за жанчыны? — умяшаўся драгун. — Але з-за якой жанчыны, я не магу зразумець. Не з-за сястры-ж юнага Пойндэкстэра.

— Адкуль ведаць! — адказаў Сломан, многазначна паціскаючы плячыма.

— Недарэчна! — усклікнуў Кросман. — Ці можна сабе ўявіць, каб паляўнічы на коней асмеліўся марыць аб міс Пойндэкстэр? Зусім недарэчна!

— Вы, Кросман, занадта яры арыстакрат. Хіба вы не ведаеце, што каханне не лічыцца з такім глупствам, як паходжанне? Я не бяруся нічога сцвярджаць. Сварка магла адбыцца і не з-за міс Пойндэкстэр. Ёсць-жа ў нас іншыя дзяўчаты ў сетлменце, з-за якіх варта пабіцца, не гаворачы ўжо аб цудоўных стварэннях, якія ашчаслівілі наш форт сваёй…

— Капітан Сломан! — рэзка перапыніў свайго субяседніка лейтэнант стралковых часцей. — Павінен сказаць, што для чалавека вашага ўзроўню вы разважаеце вельмі дзіўна. Дамы нашага гарнізона павінны быць вам надта ўдзячны за такія намёкі.

— Якія намёкі, сэр?

— Няўжо вы думаеце, што між імі знойдзецца хоць адна, якая згадзілася-б размаўляць з гэтым чалавекам?

— З якім? Я назваў двух.

— Вы мяне вельмі добра разумееце, Сломан, а я вас. Нашы дамы, вядома, вельмі будуць узрадаваны тым, што іх імёны ўспамінаюцца разам з імем гэтага паганага авантурыста-канакрада і чалавека, падазраваемага ў забойстве.

— Морыса-мустангера цяжка западозрыць у забойстве. І не канакрад ён і не авантурыст. Мне больш за вас даводзілася сустракацца з маладым ірландцам, і я сцвярджаю, што па сваім культурным узроўні ён не ўступіць любому з нас. Няхай нашы дамы не грэбуюць знаёмствам з ім. І паколькі мы ўжо закранулі гэтую тэму, я павінен дадаць, што наўрад ці яны, прынамсі некаторыя з іх, пачалі-б унікаць магчымасці пазнаёміцца з ім бліжэй, калі-б толькі гэта магчымасць ім здарылася. Морыс-мустангер, наколькі мне давялося яго бачыць, вёў сябе са скромнасцю сапраўднага джэнтльмена ў прысутнасці нашых дам. Ды апрача ўсяго, я надта сумняваюся, каб ён мог зацікавіцца якой-небудзь з іх.