Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/225

Гэта старонка не была вычытаная

— На самай справе? Якое шчасце для тых, хто ў адваротным выпадку мог-бы аказацца яго сапернікам!

— Так вось яно і ёсць, — спакойна адказаў капітан пяхоты.

— Хто яго ведае! — многазначна сказаў Генкок. — Хто яго ведае, з-за каго здарылася гэтая сварка, калі яна толькі наогул была. Ці не замешана ў ёй цудоўная сен‘ёрыта, пра якую цяпер так многа гавораць? Тое, што я чуў пра гэтую жанчыну, дазваляе думаць, што з-за яе мужчыны могуць перагрызці адзін другому горла. Яго пасадзілі на гауптвахту. З ім яго дзівак-слуга. Але што цікава, дык гэта тое, што маёр даў распараджэнне падвоіць варту. Што гэта павінна азначаць, капітан Сломан? Вы, напэўна, можаце гэта растлумачыць лепш за іншых. Ды не можа-ж быць, каб ён зрабіў спробу ўцячы з турмы?

— Наўрад, — адказаў афіцэр пяхоты, — асабліва прымаючы пад увагу, што хворы мустангер нават не здагадваецца, дзе ён сядзіць. Я толькі што быў у яго. Ён настолькі звар‘яцеў, што не пазнае сябе ў люстэрку.

— Звар‘яцеў? Што вы хочаце гэтым сказаць?

— У яго гарачка.

— Дык вось чаму ўзмоцнена варта? Чартоўскі дзіўна! Напэўна, сам маёр крыху з‘ехаў з глузду. Магчыма, гэта… распараджэнне маёршы? Ха-ха-ха!

— Але што гэта азначае? Няўжо стары маёр баіцца, што мустангер уцячэ з-пад варты?

— Не, я думаю, што не ў гэтым справа. Тут, як відаць, больш баяцца адваротнага — я хачу сказаць, што для Морыса-мустангера безапасней сядзець у турме, чым знаходзіцца на свабодзе. З‘явіліся нейкія дзіўныя тыпы і зноў загаварылі пра суд Лінча. Або рэгулятары шкадуюць, што адклалі сканчэнне суда, або хто-небудзь пачаў сур‘ёзна апрацоўваць грамадскую думку і ў гэтым напрамку. Шчасце для мустангера, што стары паляўнічы аказаўся яго верным другам. Добра, што і наш атрад у час вярнуўся і можна было ўзмацніць варту. Яшчэ дзень — і Морыса Джэральда ўжо не было-б у жывых. Але цяпер усё ў парадку, і беднага хлапца будуць судзіць па ўсёй справядлівасці.

— Калі-ж суд?

— Як толькі ён апрытомнее.

— Гэта-ж можа цягнуцца тыднямі.

— А магчыма ўсё скончыцца праз некалькі дзён і нават праз некалькі гадзін. Фізічна ён, як відаць, адчувае сябе не так ужо дрэнна. Відавочна, яму давялося перажыць нейкае цяжкае патрасенне. Перамена можа адбыцца на працягу дня. А кажуць, што рэгулятары хочуць, каб яго судзілі неадкладна, як толькі ён выздаравее.

— Магчыма, ён зможа апраўдаць сябе? Спадзяюся, што гэта так і будзе, — сказаў Генкок.

— Вельмі сумніцельна, — адказаў Кросман. — Паглядзім.

— Я ў гэтым ўпэўнены, — сказаў Сломан. — Пажывем, убачым.