Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/226

Гэта старонка не была вычытаная

Раздзел LXIX

ТАЯМНІЦА І ЖАЛОБА

У гасіендзе Каса-дэль-Карво — сум і жалоба. Паміж членамі сям‘і Вудлі Пойндэкстэра нейкія загадачныя адносіны. Іх асталося толькі трое. Але сустракаюцца яны значна радзей, чым раней, і ў іх адносінах адчуваецца нейкая нацягнутасць. Яны бачацца толькі за сталом. Гавораць толькі аб самым неабходным.

Зразумець прычыну суму няцяжка; да некаторай ступені зразумела і іх маўклівасць.

Смерць, у якой ужо больш ніхто не сумняваўся, нечаканая і загадачная смерць адзінага сына, адзінага брата была страшным ударам і для бацькі і для дачкі. Ці не гэта смерць ахапіла сумам і Касія Кольхауна, стрыечнага брата забітага?

Кожны з іх неяк пакутліва стрыманы з іншымі, нават у тых рэдкіх выпадках, калі ім даводзіцца гаварыць аб сямейным горы.

Апрача агульнага гора, здаецца, што ў кожнага з іх ёсць яшчэ нейкая таямніца, якой яны не выдаюць і не могуць выдаць.

Горды калісьці плантатар не паказваецца цяпер на вуліцы. Ён цэлымі гадзінамі ходзіць з пакоя ў пакой або па карыдоры. Цяжар гора зламаў яго гордасць і надарваў сэрца. Аднак, старога прыгнятае не адзін смутак па загінуўшым сыне; невыразныя праклёны, якія часамі зрываюцца з яго вуснаў, выдаюць і іншыя пачуцці.

Кольхаун увесь час кудысьці выязджае і з‘яўляецца толькі тады, калі трэба садзіцца за стол або класціся спаць.

Луіза больш сядзіць у сваім пакоі. Іншы раз, праўда, яе можна бачыць і на азотэі адну, у стане задуменнасці. Там, пад сінім небам, ёй лягчэй зносіць свае пакуты — сум аб загінуўшым браце, боязнь страціць любімага чалавека і, магчыма, таксама і непрыемныя думкі аб скандале, ужо звязаным з яе імем.

Луіза ведае, што Морыс Джэральд пасаджан у турму. Ён акружан моцнымі сценамі ваеннай гауптвахты.

Але дзіўна: яе не трывожыць непрыступнасць гэтых сцен; наадварот, яна баіцца, што яны недастаткова моцныя.

У Луізы для гэтага ёсць падставы. Пагаварваюць аб новым судзе Лінча; на гэты раз у якасці старшага суддзі павінен выступаць не Сэм Мэнлі, а судовымі засядацелямі — не рэгулятары, а людзі яшчэ больш жорсткія, проста бандыты, якіх хапае ў ваколіцах любога пагранічнага форта. Гэтыя размовы выклікаюць агульнае здзіўленне. Цяжка зразумець, чаму зняволены павінен быць адданы дзікаму натоўпу замест законнага суда. Факты, якія высветліліся ў апошні час, не мяняюць становішча; ва ўсякім выпадку, няма ніякіх новых доказаў яго вінаватасці.

Чаму-ж тады зноў выбухнула гэтая варожасць супроць зняволенага? У гэтым хаваецца нешта дзіўнае.