Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/227

Гэта старонка не была вычытаная

Толькі тры чалавекі разумеюць або падазраюць прычыну гэтай варожасці: Зеб Стумп, Луіза Пойндэкстэр і Касій Кольхаун.

Стары паляўнічы, які зорка сачыў за адбываючыміся падзеямі, інстынктыўна адчуў і зразумеў сэнс гэтай цёмнай справы. Касій Кольхаун дзейнічаў праз падстаўных асоб. Выканаўцамі яго злой волі былі Мігуэль Дыяз і яго таварышы, у супольстве з дзесяткам людзей, набраных з мясцовых галаварэзаў.

Зеб Стумп не замарудзіў паведаміць маладой крэолцы аб сваіх падазрэннях. Луіза ацаніла ўсю справядлівасць гэтых вывадаў. Гэта вось і выклікала ў ёй пакутлівую трывогу.

Прагна ловіць яна новыя чуткі. Напружана глядзіць на дарогу, якая злучае Каса-дэль-Карво з фортам, нібы чакае весніка, які прынясе ёй адтуль або смяротны прысуд, або надзею на жыццё. Яна не асмельваецца паказацца каля турмы. Дзверы гауптвахты, не гледзячы на прысутнасць варты, увесь час асаджаюць людзі, якія прагна прыслухоўваюцца да брэду звар‘яцелага. Прайсці праз натоўп гэтых зявак і адчуваць на сабе іх дапытлівыя позіркі было-б занадта цяжка.

Калі-б Луізе ніхто не перашкаджаў, яна ўсёроўна гэта зрабіла-б, але за ёю сачыў бацька, у якога і так ужо з‘явіліся падазрэнні. А апрача таго, яшчэ адзін сваяк не менш заўзята ахоўваў яе перад грамадскай думкай. Ёй немагчыма было адважыцца гэта зрабіць. Нічога не аставалася, як сядзець дома.

Якой шчаслівай была Луіза, калі на чацверты дзень, раніцою, з‘явіўся ў Каса-дэль-Карво Зеб Стумп і прынёс вестку, што стралкі, адпраўленыя ў экспедыцыю супроць індзейцаў, вярнуліся ў форт. Цяпер ужо не трэба было баяцца, што ворагі мустангера возьмуць яго з-пад варты.

— Можаце больш не трывожыцца аб гэтым, — сказаў Зеб з упэўненасцю ў голасе. — Цяпер гэта небяспека мінавала, міс Луіза, я прыняў адпаведныя меры.

— Якім чынам, Зеб?

— Перш за ўсё я пабачыўся з маёрам адразу-ж пасля яго звароту. Я расказаў яму ўсё, што здарылася, наколькі гэта мне самому вядома. На шчасце, ён не настроены супроць маладога ірландца. Пасля я расказаў пра гэтую брудную банду амерыканцаў, мексіканцаў і іншых; не забыўся і пра нягодніка Дыяза, бадай, самага шкоднага з іх. У выніку маёр распарадзіўся падвоіць варту.

— Як я рада! Вы думаеце, што з гэтага боку больш не пагражае небяспека?

— Вы, напэўна, маеце на ўвазе банду містэра Мігуэля Дыяза? Магу вас запэўніць, што іх цяпер няма чаго баяцца. Няхай Дыяз сам спачатку выберацца з турмы.

— Што! Дыяз у турме? Як? Калі? Дзе?

— Вы задалі мне кучу пытанняў, міс Луіза, цэлых тры. Ну, што-ж! Для зручнасці давайце пачнем з апошняга. Значыцца, вы