Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/228

Гэта старонка не была вычытаная

пытаецеся, дзе? У гэтых месцах толькі адна турма — другой няма. Я хачу сказаць, што гэта гауптвахта форта. Ён там.

— Разам з…

— Я ведаю, вы хацелі назваць маладога хлапца. Так, яны ў адным памяшканні, хоць і не ў адной камеры. Паміж імі перагародка. Праз яе можна ўсё чуць, і можна было-б перагаварвацца, калі-б яны толькі захацелі. Тут-жа па суседству з мексіканцам сядзяць і яго прыяцелі. Ну, ужо гэтыя трое, напэўна, знойдуць, аб чым пагаварыць між сабою.

— Гэта добрая навіна, Зеб. Вы мне ўчора сказалі, што Дыяз дзейнічаў…

— Для таго, каб самому папасціся. Гэта яму ўдалося. Добра, што ён сам улез у кутузку, а то ўсёроўна хто-небудзь іншы яго туды засадзіў-бы.

— Але скажыце, хто, куды? Я-ж нічога не ведаю.

— О, як вы спяшаецеся! Дайце мне хвілінку адпачыць. Ваша другое пытанне — калі? На гэта няцяжка адказаць. Прыблізна каля гадзіны таму назад я бачыў, як за ім зачыніліся дзверы. Пасля гэтага я проста накіраваўся сюды.

— Але вы мне яшчэ не сказалі, чаму яго арыштавалі.

— У мяне яшчэ не было магчымасці. Гэта доўгая гісторыя і зойме шмат часу. Хочаце вы яе выслухаць цяпер ці пасля…

— Пасля чаго, містэр Стумп?

— Як вам сказаць, міс Луіза, я думаў… пасля таго, як я завяду на стайню сваю старую кабылу. Ёй, як відаць, хочацца крышачку пажаваць чаго-небудзь, напрыклад кукурузы, і горла прамачыць вадзіцай. Мы з ёю былі ў далёкай дарозе.

— Даруйце мне, дарагі Стумп, я не падумала аб гэтым. Плутон, завядзі каня містэра Стумпа на стайню, глядзі, накармі яго добра. Фларында! Фларында! Што вам можна прапанаваць, містэр Стумп?

— Не турбуйцеся аба мне, міс Луіза, вялікае дзякуй. Я думаў толькі аб кабыле. Што-ж датычыць мяне, то я яшчэ гадзінкі дзве магу абыйсціся без ежы. Але калі ў вашым доме ёсць хоць што-небудзь накшталт манонгахельскага віскі, гэта было-б вельмі карысна для падтрымання духу.

— Манонгахельскага віскі колькі хочаце. Але дазвольце даць вам што-небудзь лепшае.

— Лепшае за манонгахельскае віскі?

— Так. Шэры-брэндзі, шампанскага — што вы лічыце за лепшае…

— Не, не трэба мне гэтых французскіх напіткаў. Што можа быць лепш за чысты кукурузны сок з пітсбургскіх заводаў!

— Фларында! Фларында!

Служанцы можна было і не гаварыць, навошта яе клікалі. Прысутнасць Зеба Стумпа дастаткова красамоўна гаварыла аб тым, чаго ад яе хацелі. Не чакаючы загаду, яна вышла і праз хвіліну вярнулася з графінам, да паловы напоўненым тым, што