Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/229

Гэта старонка не была вычытаная

стары паляўнічы называў «чыстым кукурузным сокам», але што на самай справе было прадуктам перапрацоўкі жыта.

Зеб не прымусіў сябе ўпрашаць. Хутка вадкасці ў графіне зменшылася на адну трэць. Іншыя дзве трэці ён пакінуў для таго, каб прамачыць сабе горла ў часе доўгага расказу, які ён ужо быў гатоў пачаць.


Раздзел LXX

НАСТАЎЛЕННЕ ЗЕБУ

Стары паляўнічы не любіў нічога рабіць наспех. Нават яго манера выпіваць не з‘яўлялася выключэннем. Ён, не спяшаючыся, смакаваў сваё віскі, хоць часу нельга было траціць.

Крэолка, згараючы ад нецярплівасці, не стала чакаць, пакуль ён сам загаворыць.

— Скажыце, дарагі Зеб, — сказала яна пасля таго, як адаслала служанку, — чаму арыштавалі гэтага мексіканца — Мігуэля Дыяза, я хачу сказаць. Мне здаецца, што я сёе-тое аб ім ведаю.

— Не вы адна, міс Луіза, — многія ведаюць пра штукі гэтага нягодніка. Ваш брат… Але аб гэтым пакуль што не будзем гаварыць. Тое, што Зеб ведае або моцна падазрае, гэта, што Мігуэль Дыяз меў адносіны да… Вы разумееце, аб чым я гавару?

— Прадаўжайце, містэр Стумп.

— Справа ў наступным. Пасля таго, як мы вярнуліся з Аламо, хутка з‘явіліся і хлопцы, якія ездзілі ў пагоню за індзейцамі. Вы аб гэтым, вядома, чулі. Прылады маскарада, знойдзеныя ў дупле дрэва, ясна даказваюць, што тыя, каго мы бачылі над абрывам, былі белымі. Я і сам аб гэтым падумаў, калі знайшоў у халупе карты.

— Значыць, гэта былі тыя самыя, якія ўночы ўварваліся ў хакале, тыя самыя, якіх бачыў Фелім?

— Без сумнення. Гэта тыя самыя мексіканцы.

— Якія ў вас падставы думаць, што яны мексіканцы?

— Вельмі вялікія. Я сам пераканаўся ў гэтым. Я прасачыў, куды схаваўся кожны з гэтай банды.

Маладая крэолка больш не задавала пытанняў. Яна стаяла, з напружанай увагай чакаючы прадаўжэння расказу.

— Бачыце, міс Луіза, карты, а таксама некаторыя іх словы, якія гальвеец паўтарыў мне, далі мне зразумець, што гэтыя людзі — мексіканцы. Пераканаўшыся ў гэтым, мне няцяжка было прыблізна здагадацца, адкуль яны маглі з‘явіцца. Я дастаткова добра ведаю мясцовых мексіканцаў, каб па атрыманых апісаннях пазнаць кожнага з чацвёркі. Апрача таго, аднаму з іх я паставіў сваю метку.

— Вашу метку!

— Памятаеце мой стрэл? Я пусціў у яго кулю з дзвярэй халупы.