Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/230

Гэта старонка не была вычытаная

— Я бачыла, як вы спусцілі курок, але ў каго вы стралялі, я не заўважыла.

— Дык вось, міс Луіза, стары Стумп рэдка спускае курок без таго, каб не праліць крыві. Я ведаў, што я папаў у гэтага нягодніка. Страляць давялося здалёку, і кулю крыху аднесла ўбок, але я быў упэўнен, што яна яго зачапіла. Я бачыў, як яго скурчыла ад болю, і падумаў пры гэтым: «калі толькі ў гэтай скуры не прабіта дзіркі, то я гатоў памяняцца з ім сваёй». Пасля гэтага вярнуліся нашы малайцы і расказалі нам пра белых, а не пра чырвонаскурых. Я вельмі добра ведаў, хто былі гэтыя індзейцы, і кожную хвіліну мог-бы злавіць іх, але я гэтага не зрабіў.

— Чаму-ж, містэр Стумп? Ды магчыма гэта тыя самыя людзі, якія забілі майго беднага брата…

— Вось іменна таму я іх пакуль і не чапаў. Была яшчэ і іншая прычына. Мне не хацелася адыходзіць далёка ад форта — я баяўся, каб чаго не здарылася ў часе маёй адсутнасці. Вы разумееце? Ды апрача ўсяго, я лічыў, што яшчэ рана было даводзіць справу да канца. Мне хацелася зрабіць гэта без промаху. Такім чынам, я дачакаўся звароту стралкоў і тады мог спакойна пакінуць містэра Морыса пад надзейнай аховай. Толькі пасля гэтага я асядлаў сваю старую кабылу, і мы адправіліся да месца, дзе гэтыя малайцы схавалі прылады свайго маскарада. Я лёгка знайшоў гэта месца па расказах нашых хлапцоў. Не дзіва, што яны не маглі ўстанавіць і паловы таго, што патрэбна, — іх-жа вёў гэты жаўтароты Спэнглер. І мне самому давялося шукаць усё астатняе. Я не памыліўся ў разліках. Любы дурань, які калі-небудзь быў у прэрыі, мог-бы знайсці сляды гэтых фальшывых каманчаў. Любы купец змог-бы прасачыць іх па прэрыі. Аднак, ні містэр Спэнглер, ні астатнія гэтага не здолелі зрабіць. Я жартуючы ўсё праверыў, не гледзячы на тое, што сляды былі вельмі затаптаны коньмі гэтых «спрактыкаваных» следапытаў.

— А пасля гэтага?

— Пасля гэтага я размаўляў з маёрам. Праз поўгадзіны чатыры малойчыкі апынуліся за кратамі турмы. Верхавода схапілі першым, інакш-бы ён мог улізнуць. Я не памыліўся адносна таго, што пакінуў на містэры Мігуэлі Дыязе сваю метку.

— Значыць, гэта ён? — мімаволі сарвалася ў Луізы. Вельмі дзіўна. Я бачыла яго на паляне сярод зараснікаў нашага ўзгорка. А жанчына-мексіканка — Ісідора? Ах! Тут захоўваецца нейкая таямніца! Скажыце мне, дарагі Зеб, — запытала Луіза, падыходзячы бліжэй да паляўнічага, — гэта жанчына-мексіканка… я хачу сказаць, якая… якая была там, ці часта яна бывала ў яго?

— Пра каго вы пытаеце, міс Луіза?

— Хіба вы не разумееце, Зеб? Я пытаюся пра містэра Джэральда.

— Можа і часта, а можа і не — ні тое, ні другое мне не вядома. Я-ж і сам рэдка там бываў. Я палюю звычайна не ў тых