Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/231

Гэта старонка не была вычытаная

месцах. Толькі іншы раз, бывала, забрыду туды дзеля цікаўнасці. Калі вы пытаеце пра маю думку, то я думаю, што гэта дзяўчына ніколі раней там не была. Прынамсі, я аб гэтым нічога не чуў. А Фелім ужо напэўна прагаварыўся-б. Я чуў толькі пра адну асобу жаночага полу, якая прыязджала ў госці ў гэтую халупку.

— Хто? — хутка запытала крэолка і адразу-ж пашкадавала аб гэтым. Яркі румянец выступіў у яе на шчоках, калі яна ўважыла многазначны позірк Зеба. — Але гэта няважна, — прадаўжала яна, не чакаючы адказу. — Такім чынам, Зеб, вы думаеце, што гэтыя людзі, гэтыя мексіканцы, замешаны ў забойстве брата?

— Калі хочаце ведаць праўду, то я проста не ведаю, што думаць. У прэрыях яшчэ ніколі не было такога таямнічага здарэння. Часам мне здаецца, што гэта работа мексіканцаў. Іншы-ж раз мне здаецца, што ў гэтай справе дзейнічаў хтосьці іншы. Я не буду пакуль гаварыць вам, хто іменна.

— Але-ж не ён, Зеб, не ён?

— Не, гэта не мустангер. Не гледзячы на тое, што вельмі многае гаворыць супроць яго, я ні хвіліны не сумняваюся ў яго невінаватасці.

— Але як гэта даказаць? Кажуць, што ўсе доказы супроць яго. І ніхто не хоча сказаць ні слова ў яго абарону.

— Гэта не зусім так. Мне яшчэ не ўдалося як след высветліць гэтую справу — нехапала для гэтага часу. Але цяпер у мяне ёсць гэтая магчымасць, і я яе скарыстаю неадкладна. Прэрыя — гэта вялікая кніга, міс Пойндэкстэр, цікавая вялікая кніга, трэба толькі ўмець чытаць па ёй. Хоць Зеб Стумп і не вельмі вялікі вучоны ў іншых адносінах, але гэтую надзвычайную мудрасць ён зразумеў добра. Там, магчыма, удасца знайсці сведчанні ў яго карысць. Мой стары настаўнік сцвярджаў, што іншы раз і каменні гавораць.

— Вы думаеце, што зможаце знайсці сляды злачынства?

— Трэба будзе з‘ездзіць і добра ўсё абследаваць. Асабліва мяне цікавіць тое месца, дзе я бачыў маладога ірландца ў кіпцюрах ягуара. Варта было-б адправіцца туды яшчэ раней, але ў мяне не было гэтай магчымасці. Шчасце, што за гэты час не было дажджу, і нават сляды тыднёвай даўнасці можна будзе без цяжкасці прачытаць. Вядома, без навыку ў іх не разбярэшся. Ну, а цяпер час ехаць, міс Луіза. Я забег да вас на хвіліначку, каб расказаць, што робіцца ў форце. Нельга траціць часу. Мяне пусцілі сёння раніцой на спатканне да зняволенага. Яго стан здароўя значна лепшы, розум пачаў праясняцца; рэгулятары дамагаюцца, каб суд назначылі як мага хутчэй. Магчыма, гэта адбудзецца на працягу якіх-небудзь трох дзён. Мне неабходна вярнуцца да пачатку суда.

— Ідзіце, Зеб, усім сэрцам жадаю поспеху ў вашай добрай справе. Вяртайцеся з доказамі яго невінаватасці. Гэта для мяне даражэй самога жыцця. І я ніколі, ніколі не забуду вашай ласкі!