Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/232

Гэта старонка не была вычытаная

Раздзел LXXI

ГНЕДЫ

Натхнёны гарачым заклікам, паляўнічы паспяшаўся да стайні, дзе стаяў яго конь.

Кабыла грызла кукурузу — Плутон не паскупіўся добра пачаставаць яе.

І Плутон быў тут-жа, каля каня. Не гледзячы на сваю звычайную разгаворлівасць, негр-конюх на гэты раз быў вельмі маўклівы. Як відаць, ён быў нечым вельмі засмучаны.

Зразумець яго смутак было няцяжка. Страта горача любімага маладога гаспадара, сум маладой гаспадыні, якой ён таксама быў вельмі адданы, і яшчэ, напэўна, удар бота капітана Касія Кольхауна, — усё гэта засмучала беднага негра.

Зеб так заняты быў уласнымі думкамі, што не заўважыў панурай фізіяноміі нявольніка. Спяшаючыся, ён нават не даў сваёй кабыле як след падмацавацца кукурузай. Схапіўшы каня за морду, Зеб уваткнуў яму ў зубы цуглі, закінуў за шыю рамяні аброці, хутка павярнуў яго і ўжо гатоў быў вывесці са стайні. Кабыла вельмі неахвотна падначальвалася свайму гаспадару, давялося адцягнуць яе ад смачнага корму.

— Ой-ой, містэр Стумп, — умяшаўся Плутон. — Чаму вы так спяшаецеся? Бедная кабыла яшчэ галодная. Няхай-бы наелася добра.

— У мяне няма часу, дружа мой, я адпраўляюся ў далёкую дарогу. Мне трэба праехаць каля ста міль, а часу ў мяне астаецца менш двух гадзін.

— Што вы, містэр Стумп! Я яшчэ не чуў такой хуткасці. Вы не жартуеце?

— Не, я гавару сур‘ёзна.

— Проста дзіва, як хутка ездзяць па гэтых прэрыях. Вось і той конь, напэўна, праімчаўся міль дзвесце за адну ноч.

— Які конь?

— А вось гнеды, крайні ля дзвярэй. Конь містэра Кольхауна.

— Чаму ты думаеш, што ён праімчаўся дзвесце міль?

— Таму што ён быў увесь у мыле. А калі я павёў яго на рэчку, ён спатыкаўся, як малое цялё. Ой, калі-б вы бачылі, як ён быў змучаны!

— Калі гэта было, Плутон?

— Калі? Дайце падумаць. Ну так, вядома, гэта было ў тую самую ноч, калі не стала містэра Генры — досвіткам, праз гадзіну пасля таго, як сонца паказалася на небе. Я не бачыў гнедага да гэтага часу, таму што вышаў на работу толькі досвіткам. І вось, калі я прышоў на стайню і ўбачыў гэтую жывёлінку ўсю мокрую, нібы яна пераплыла вялікую раку, і ўсю ў пене…

— Хто-ж ездзіў на ёй у тую ноч?

— Я не ведаю, містэр Стумп. Але толькі на ёй ніхто не